• Тры ў адным
  • 10.09.2005
У Менску прайшлі: эканамічны форум чынавенства, бізнэсоўцаў і ідэёлагаў Беларусі й Расеі, выстава расейских прамыслоўцаў і паседжаньне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Саюза Расея-Беларусь.

Лічы - тры ў адным.

Галоўныя вынікі сустрэчы прэм'ер-міністраў урадаў: у наступным годзе ўвядзеньня адзінай валюты ня будзе. Аб гэтым публічна заявіў кіраўнік ураду Расеі Фрадкоў. Ён прывёў і прычыны таго: не хапае часу на вырашэньне тэхнічных пытаньняў.

А вось вышэйшыя кіраўнікі ўраду Беларусі і ідэёлагі Лукашэнкі паўсюдна цьвердзяць, што адзіная валюта мусіць стаць вяршыняй разьвіцьця эканамічных стасункаў паміж дзяржавамі, роўнымі варункамі для абодвух бакоў у заканадаўстве.

Узьнікае пытаньне: якім чынам могуць гэтыя варункі стаць роўнымі?

Зь беларускага боку, роўнасьць магла б быць дасягнута за адзін дзень. Лукашэнка прыймае ўказы й дэкрэты, выраўніваючы тыя ўмовы з расейскімі. Але ж ён іх не прыймае й ня прыйме. Расейцы тым больш не зьбіраюцца раўняць сваю эканоміку пад беларускія законы й правілы.

Прыкладам гэтага ёсьць расказ намесьніка мэра Масквы Росьляка, які распавёў, што аўтазавод імя Ліхачова мае патрэбу ў павялячэньні ўзаемных паставак беларускіх аўтобусаў і рухавікоў. Аднак пашырэньню гандлю перашкаджаюць “некаторыя штучныя бюракратычныя бар’еры”. Цытую па газэце “Звязда” за 8 верасьня.

Другім інфармацыйным стрэлам на гэтым тыдні прагучала заява спікера Дзярждумы Расеі Барыса Грызлова пра тое, што ў гэтым годзе можа быць узгоднены праект Канстытуцыйнага акту Саюза Расеі-Беларусі. Гэтыя словы прагучалі па тэлевізару па расейскаму тэлеканалу РТР. І больш нідзе не перадаваліся й не паўтараліся.

Як паведаміла газэта "Камсамольская праўда", Фрадкоў сказаў журналістам, што пачуў ад Лукашэнкі пра пачатак сапраўднай інтэграцыі зь лістапада. Што было да гэтага, ацаніць цяжка: палітычныя гульні ў інтэграцыю, яе імітацыя?

Як заўжды арыгінальнічаў дзяржсакратар Саюза Расеі-Беларусі Павал Барадзін. Ён распавёў журналістам, што прынятае рашэньне аб разьвіцьці Саюзнай дзяржавы па мадэлі Эўразьвязу й патлумачыў, што размова ідзе пра адзіную мяжу, аб адзіных мытных правілах, адзінай валюце, адзінай нарматыўна-прававой базе, адзіных правілах для прадпрымальнікаў. Ведаючы, што Лукашэнка мяняе гэтыя правілы, як яму выгадна, што нават законы, прынятыя ў сярэдзіне году для прадпрымальнікаў, тут дзейнічаюць заднім чынам з пачатку году, уяўляю, як будзе дзейнічаць гэты віртуальны Саюз.

14 верасьня Лукашэнка можа прыляцець на 60-ю сэсію Гэнэральнай Асамблеі ААН. Для гэтага яму не спатрэбіцца ні візы ЗША, ні візы Эўразьвязу. Гэты прылёт і мажлівы выступ з трыбуны на 5 хвілін могуць стаць для прэзыдэнцкіх ідэёлагаў чарговай нагодай для шоў пра перамогу Лукашэнкі над палітычнымі ворагамі.

Пяць год таму Лукашэнка падчас такой жа Асамблеі ў перапынку спаймаў за руку Біла Клінтана, і покуль Урал Латыпаў нешта тлумачыў Клінтану, Лукашэнка трымаў вражью руку, дэманструючы ўсяму сьвету сваю перамогу над рукой прэзыдэнта ЗША.

Праўда, пазьней Лукашэнка публічна заявіў:

“Клинтон лишил чернобыльскую Беларусь одного миллиона долларов… Клинтон завтра не будет президентом, я дарю ему этот 1 миллион долларов к его пенсии… и еще найду адекватный ответ. Я перед Клинтоном в долгу не останусь”

Ці будзе на гэты раз паляваць Лукашэнка за рукой Буша, цяжка сказаць. А для нас будзе цікава пасачыць за мажлівымі скандаламі на той сэсіі.

Уладзімер Падгол