• Меркаваньне пісьменьніка
  • 17.09.2005
Покуль прэзыдэнт Беларусі знаходзіўся ў Нью-Ёрку, на старонках ягоных газэтаў царавалі ідэёлягі. У газэце “Савецкая Беларусія” за 14 верасьня з праграмным артыкулам аж на дзьве паласы выступіў Эдуард Скобелеў. Выступаў пад рубрыкай “меркаваньне пісьменьніка”.

Галоўныя думкі аўтара:

Лукашэнка – усемагутны, калі яго падтрымае народ.

Ворагі з ЗША, Вялікабрытаніі, Ізраіля імкнуцца разбурыць існуючы ў рэспубліцы лад.

Беларусь здольная захаваць сваю самастойнасьць.

З усяго тэкста прывяду два кавалкі, якія сьведчаць пра ідэялягічныя пазыцыі каманды Лукашэнкі.

"Польша працягнула рукі ў Гродненшчыну, канешна, ня толькі таму, што трэба любой цаной утрымаць інтэрнацыянальны рэжым у Варшаве. Даўно вядомы сакрэтныя пляны, па каторым палякі Беларусі, абапіраючыся на шчодра прадастаўляемую ім как і іншым шырокую нацыянальна-культурную аўтаномію, у час Х абавязаны запатрабаваць тэрытарыальнай самастойнасьці і перадацца Польшчы”.

“Прэзыдэнта не запалохаць і рашучасьці яму не займаць. Ён ужо ў першы тыдзень свайго прэзыдэнцтва, калі яго нарошна выпрабоўвалі на трываласьць, не калеблючыся аддаў загад па ліквідацыі амерыканскіх паветраных балёнікаў-віжоў з экіпажам, уторгшыхся ў сакрэтны раён з ядзярнай зброяй і не адказваючых на запыты з зямлі...

Можна ня сумневацца, што такое цьвердае рашэньне па абароне грамадзянаў, грамадзкага парадку і канстытуцыйнага ладу будзе прадэманстраванае, калі правакатары, атрымаўшы грошы і веселяшчыя наркотыкі, паспрабуюць ізабразіць абураны народ ”.

Як бачым, адзін з галоўных ідэёлягаў Лукашэнкі недвухсэнсоўна прарочыць расстрэл, як і паветраных балёнікаў са спартоўцамі, мажлівых пратэстуючых супроць фальсыфікацыі выбараў.

Другі цікавы прагноз даў спікер Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў. У інтэрвію газэце "Савецкая Беларусія" за 15 верасьня на пытаньне аб пэрспэктывах Саюза з Беларусьсю ён адказаў, што "на сёньняшні момант больш важна за Канстытуцыйны акт удзяліць увагу ня столькі канчатковаму тэрміну яго прыняцьця, колькі пасьлядоўнай рэалізаціі прамежкавых этапаў”.

Гэта азначае адно. Самы нецярплівы прыхільнік паскарэньня прыняцьця Канстытуцыйнага акту Саюза Расея-Беларусь здаўся пад праект Лукашэнкі. Яго сутнасьць: імітаваць палітычную інтэграцыю, а каб яе прыхільнікі не абураліся, тлуміць ім галаву эканамічнымі сумеснымі праектамі.

Пасьля прагнозаў раскажу пра тры выпадкі, якія зьнітаваныя ў беларускім мэнталітэце.
Па-першае, пісьменьнікаў не запрасілі на сьвяткаваньне Дня пісьменнасьці Беларусі, які праводзіўся ў Камянцы.

Па-другое, у Менску ў касьцёле падчас імшы жыхар горада разьбіў статую Хрыста. Вернікам нанесены цяжкая маральная траўма. Міліцыянт, якога пазвалі, каб затрымаць вандала, быў змушаны бараніць злачынцу ад вернікаў, на ім ужо была парваная кашуля. Калі міліцыянт выводзіў вандала з касьцёла, той кінуўся да яшчэ адной статуі Хрыста, паваліў яе і яна разьбілася. Афіцыйныя СМІ аб гэтым маўчаць.

І трэцяя падзея. Як паведаміла газэта “Народная воля” за 14 верасьня, у мястэчку Вушачы ў касьцёле Сьвятога Лаўрэна адбылася прэзэнтацыя кнігі Рыгора Барадуліна “Ксты”. Выдадзена кніга Рымска-каталіцкай парафіяй Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены. Газэта паведаміла, што Рымска-каталіцкі касьцёл зараз рупіцца аб вылучэньні кнігі на Нобэлеўскую прэмію.

Уладзімер Падгол