• Лукашэнка даў бой амэрыканцам
  • 24.09.2005
Дзьве навіны дамінавалі на гэтым тыдні ў прэзыдэнцкіх СМІ. Лукашэнка на Генассамблеі ААН “Даў бой амэрыканцам у сьценах ААН”. Лукашэнка мовіў прамову палітыка сусьветнага маштабу. Куды там да беларускага лідэра такой драбнаце, як прэзыдэнты эўрапейскіх краін!

Покуль Лукашэнка наносіў удары па ААН і ЗША, беларуска-расейская камісія па стварэньню Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы абмяркоўвала ў Менску асноўныя палажэньні гэтага дакумэнтy. Спікер Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў, адкрываючы паседжаньне камісіі, заявіў, што “Мы знаходзіся зараз у такім стане, калі Беларусь і Расея – дзьве дзяржавы, якія аб’ядноўваюцца ў адну” - Газэта “Звязда” 20 верасьня.

І яшчэ цытата Грызлова. Па тэлебачаньні ў панядзелак: “Мы ў праэкце Канстытуцыйнага акту Саюзy дамовіліся зьмяніць запіс: “Народы Расеі і Беларусі мелі агульныя лёсы” На “Народы Расеі і Беларусі мелі агульны лёс”.

Побач з Грызловым стаяў спікер лукашэнкаўскага парлямэнту Канаплёў і ў знак згоды ківаў галавой.

Сярод іншых важнейшых пытаньняў саюзнага будаўніцтва Грызлоў вылучыў “уваходжаньне ў сыстэму адзінай валюты”. Па дамоўленасьці гэта павінен быць расейскі рубель”.

Прыйшло тры дні і толькі ў чацьвер 22 верасьня, чытаючы ўкладыш у газэту “Савецкая Беларусія”, удалося даведацца, што насамрэч адбывалася за зачыненымі дзьвярыма, падчас абмеркаваньня праблемаў Саюза.

Грызлоў заявіў, што пераход на адзінаю валюту, якой мусіць стаць расейскі рубель – першачарговая задача. А Канаплёў – правая рука Лукашэнкі – лічыць першачарговым Канстытуцыйны акт, а да адзінай валюты “Мы ставімся асьцярожна...”

Першую палову тыдня навіной №1 прэзыдэнцкія СМІ падавалі інфармацыю пра футбольную гульню паміж дэпутатамі Дзярждумы Расеі й парлямэнту Беларусі. Паказалі запоўненыя трыбуны цэнтральнага стадыёна Дынама. Такой запаўняльнасьці не было нават на гульнях зборнай Беларусі. Дыктарка захлёбваючыся паведаміла пра “Паломніцтва гледачоў на палітычны футбол!”

А ўвечары з працы прыйшла мая жонка й расказала, што яе супрацоўніца вучыцца ў Інстытуце фізкультуры й паведаміла, як іх зьнялі з заняткаў і прымусова павялі на стадыён, які быў запоўнены студэнтамі навучальных устаноў Менску, якіх таксама зьнялі з заняткаў і патурылі, як быдла. Газэта “Камсамольская праўда” за 21 верасьня паведаміла, што дзетак гналі ня толькі пугаю страху, але й пернікам. Назаўтра ня трэба было вучыць урокі! Такім чынам да стадыёна Дынама нагналі столькі дзетак, што каля дзьвух тысяч не змаглі трапіць на трыбуны – не было месца...

Як паведаміла газэта “Народная воля” за 22 верасьня, у рэдакцыю пазваніў навучэнец Машынабудаўнічага коледжy Менскy й паведаміў, што ім настаўнікі забаранілі зьбегчы з футбола, заявіўшы, што “гэта ваш вучэбны час”.

Самае цікавае, што на футбольным полі ў асноўным ігралі вэтэраны расейскага й беларускага футболy. Сярод расейцаў быў нават лепшы гулец сьвету ў мініфутбол. А дэпутатаў толькі некалькі чалавек!

Газэта „Савецкая Беларусія” прысьвяціла рэпартажу з гульні вялізны артыкул. Цытую зь яго:

“Дэпутат з Расеі Малышкін узбуджана казаў беларускім дэпутатам: “Запомніце, мы самыя родныя!” Гэтыя сустрэчы па-сапраўднаму збліжаюць, пераводзяць адносіны паміж нашымі краінамі на новы, больш высокі ўзровень”.

Атрымалася, што і футбол падманлівы, і дзетак прымусілі глядзець хлусьлівае шоў.

Які адмысловы ўрок! Урок маральны. Урок вялікай палітыкі. Сёньня моладзь прымусова гоняць глядзець футбол палітыкаў, якія насамрэч не палітыкі. Заўтра такім жа чынам пагоняць на рэфэрэндум аб утварэньні Саюза, які ніякі не Саюз, а потым паведамяць пра паломніцтва да урнаў выбарцаў, што масава турыліся, каб падтрымаць зьліцьцё ў адну дзяржаву.

Напярэдадні гульні Грызлоў на ўвесь стадыён заявіў, што каманда Расеі пераможа, бо ў яе складзе шмат зорак. Лік гульні 2:2. Тут ёсьць пэўны сымбалізм. І зьліцьцё ў адну дзяржаву, і адзіны расейскі рубель, якімі атакуе расейскі бок кіраўніцтва Беларусі – гэта палітычная сьмерць Лукашэнкі. Таму й на палітычным полі покуль лік нічыйны. Лукашэнка настойвае на роўных умовах існаваньня ў Саюзе дзьвюх дзяржаў, і рубель адсунуты ў далёкую гістарычную пэрспэктыву.

Тым часам Лукашэнка імкнецца мацаваць свой рэйтынг у вэтэранаў. Па яго распараджэньню, жыльлёва-камунальныя гаспадаркі мусяць зрабіць вэтэранам рамонт за кошт дзяржавы. Мне давялося назіраць, як тое адбываецца. Прыйшлі да бабулькі з ЖЭСу дзяўчыны клеіць шпалеры й кажуць: „клей нам далі пратэрмінаваны, таму калі хочаце, каб шпалеры не адклеіліся, купляйце клей самі. Мэблю соўвайце самі, ці найміце каго”. А самі работніцы стаяць на лесьвічнай пляцоўцы й чакаюць “фронта работ” і клею. Бабулька плача, як жа прэзыдэнт абяцаў! Ён харошы. А гэтыя...

А з гэтых уся Беларусь створана. Падзеленых і пасвараных людзей, пакаленьняў.

А прэзыдэнт па ўласных словах “адвёў свой народ ад пропасьці”.

Уладзімер Падгол