• Кангрэс дэмакратычных сілаў
  • 01.10.2005
Самая важная падзея тыдня на Беларусі - Кангрэс дэмакратычных сілаў. Яго вынікам мусіць стаць абраньне адзінага кандыдата ад апазыцыі на статус кандыдата ў прэзыдэнты.

Унікальнасьць Кангрэсу ў тым, што шэраг яго дэлегатаў яшчэ да пачатку Кангрэсу ўтварылі апазыцыю кіраўніцтву Кангрэсу, назвалі яе „міжрэгіянальная група” і вылучылі альтэрнатыўную рэзалюцыю, каб Кангрэс стаў пастаянна дзеючым. Гэтая прапанова дзіўным чынам супала з меркаваньнем лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Чальцы групы ўваходзяць у АГП і таму, відаць, ініцыятыва міжрэгіянальшчыкаў ёсьць стратэгічны ход Лябедзькі.

Калі будзе абраны адзіны кандыдат, ён утворыць свой штаб, і калі пры гэтым захаваецца Кангрэс, атрымаецца, што будуць два штабы. Кангрэс стане пляцдармам для прайграўшага на Кангрэсе. На сёньня ўсе аналітыкі лічаць Мілінкевіча і Лябедзьку асноўнымі канкурэнтамі ў барацьбе за статус адзінага. Мілінкевіч лічыць, што мадэль двух штабоў спляжыць высілкі апазыціі па падрыхтоўцы да выбараў прэзыдэнта. Мусіць быць адзін штаб, куды ўвойдуць усе лідэры палітычных партыяў.

Але нават калі так і будзе, выбары адзінага не вырашаюць праблемы адзінства апазыцыі да прэзыдэнцкіх выбараў. Лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі Казулін застаецца ў апазыцыі і да Лукашэнкі, і да Кангрэсу. Ён у друку адкрыта абвінаваціў лідэраў партыйнай пяцёркі ў тым, што яны адштурхнулі яго, Казуліна, ад сумеснага працэсу выбару адзінага тым, што абвінавацілі Казуліна ў падставе з боку Лукашэнкі і не прызналі яго партыі, а працягвалі працаваць са Статкевічам. У чацьвер „Народная воля” надрукавала артыкул аднаго зь лідэраў партыі Казуліна - Ляўковіча, дзе той вызначыў тактыку Кангрэсу па вылучэньні адзінага подыгрышам Лукашэнку.

А на Кангрэсе дэмсілаў дэлегацыя сябраў партыі Казуліна апынецца самай вялікай - каля 70 чалавек.

Апазыцыі няма – ёсьць дысыдэнты.

Ліст Фядуты, дзе той прапанваў лідэрам палітычных партыяў і грамадзскіх аб’яднаньняў у выпадку паразы на выбарах пайсьці ў адстаўку, выклікаў публічныя зазначэньні, якія раней усіх выказаў Лявон Баршчэўскі: „Дысыдэнты не абіраюцца, яны самі выходзяць на перадавую”.

А якая трываласьць у рэжыму сёньня? Газэты ”Наша Ніва” расказала пра даклад аналітычнага цэнтру „Понціс” са Славакіі, у якім прааналізавана залежнасьць беларускай эканомікі ад экспарту ў краіны Эўразьвязу. Па падліках эканамістаў, калі раптам краіны Эўразьвязу ўвядуць эканамічную блякаду адносна Беларусі, то за год краіна страціць 2,5 млрд даляраў у год. Катастрофы не адбудзецца, бо ўрад зможа кампэнсаваць страты за кошт продажу запасаў валюты. Краіны Эўразьвязу ніколькі не старцяць ад блякады. А эканоміка Беларусі стане на мяжу каляпсу, бо 17 галоўных прадпрыемстваў краіны будуць спаралізаваныя на 90 адсоткаў. Разлікі дакладу зроблены пры захаваньні існуючых стасункаў з Расеяй.

Выдаўцы „Нашай Нівы” лічаць, што зьяўленьне дакладу сьведчыць пра тое, што Захад пачаў аналізаваць варыянты эканамічнай блякады рэжыму Лукашэнкі.

Пралічваюць такіе дзеяньні і лідэры незалежных прафсаюзаў. Так Аляксандар Ярашук, кіраўнік Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўніка ўраду, дзе папярэдзіў, што калі не прыпыніцца блякада дзейнасьці вольных прафсаюзаў, то ў адказ міжнародныя прафсаюзы прымуць такія захады, якія нанясуць урон беларускай эканоміцы на сотні мільёнаў даляраў.

А што на Ўсходзе?

Пуцін публічна на ўсю Расею пацьвердзіў, што на трэці тэрмін ня пойдзе, і Канстытуцыю зьмяняць не зьбіраецца, бо гэта дэстабілізуе краіну. Намёк у бок Лукашэнкі даволі празрысты.

Уладзімер Падгол