• Прыступ інтэграцыі
  • 15.10.2005
Чарговы прыступ інтэграцыі на прасторах Расеі й Беларусі выклікаў шок у кіраўніцтва Беларусі. У мінулыя выходныя дні з Масквы на тэлеканале ТВЦ, які належыць Лужкову, у тэлеперадачы „Пастскрыптум”, якую вёў і вядзе прафэсар Пушкоў, прагучалі развагі пра лёс Лукашэнкі. Суразмоўцамі вядучага былі Затулін – дэпутат Дзярждумы Расеі і кіраўнік інстытута СНД, а таксама Пал Палыч Барадзін дзяржсакратар Саюза Расея-Беларусь – усе лічыліся палітычнымі сябручкамі Лукашэнкі. І вось што яны выдалі:

Тры варыянты Лукашэнкаўскага лёсу:

1. Апынуцца на лаве падсудных міжнароднага Гаагскага трыбуналу;
2. Апынуцца ў палітычнай эміграцыі ў Расеі з поўнай адмоваю ад палітычнай дзейнасьці, як былы прэзыдэнт Кыргызтану Акаеў.
3. Хутчэй аб’яднацца з Расеяй у адзіную дзяржаву, тады можа застанецца пасада віцэ-прэзыдэнта.

Па словах суразмоўцаў, Расея да гэтага варыянту гатова, а прэзыдэнт Беларусі – не.

Прычыны такіх варыянтаў, па мяркаваньню аналітыкаў, у тым, каб законна й легітымна працягнуць вышэйшую палітычную кар’еру Пуціна.

Першая й адзіная покуль рэакцыя беларускага боку на расейскі пасьянс адносна беларускага саюзьніка адбылася ў прэзыдэнцкай газэце „Савецкая Беларусія” за 11 кастрычніка. Галоўны рэдактар Павал Якубовіч падкрэсьліў, што зьмест перадачы невыпадковы, а адлюстроўвае тое, што ў Крамлі шмат у каго ў галовах. І невыпадкова перадачу паўтырылі яшчэ раз.

Якубовіч даводзіць да сваіх чытачоў, шмат зь якіх не бачылі перадачу, што “Калі прэзыдэнт Лукашэнка ў харошым тэмпе не далучыцца да Расеі, то яго, і адпаведна Беларусь, чакаюць мор і голад, рэпрэсіі з боку апазыцыі плюс міжнародны трыбунал”.

Лукашэнка зрэагаваў на выпад расейцаў ад’ездам у Сочы, каб адпачыць пару дзён. Па чутках, яму параілі тэрмінова зьнікнуць зь Менску, каб не напароў у гарачцы што-небудзь несусьветнае.

У газэце “Народная воля” за 12 кастрычніка, якая зараз трапляе да рэдкіх людзей, бо ў шапіках не прадаецца, Уладзімір Глод зазначыў цынізм расейцаў: з аднаго боку, яны лічаць, што месца Лукашэнкі на лаве падсудных у міжнародным трыбунале, з другога - яны гатовы зь ім утварыць новую дзяржаву.

У той час, калі расейцы прарочылі лёс свайму хаўрусьніку па Саюзнай дзяржаве, Лукашэнка на дажынках выдаў сваё бачаньне адносінаў:

“Пазіцыя Расеі ісьці ў інтэграцыі зь Беларусьсю да формы, у якой сёньня існуе Эўрапейскі Саюз” Наша пазіцыя нязьменная: у нас вопыту будаўніцтва Саюзнай дзяржавы значна больш, чым у Эўропы. Мы жылі ваў утварэньні больш цесным – у СССР. І калі мы будуем нашы адносіны на прынцыпах Эўразьвязу – гэта шмат крокаў назад. Але мы ўспрымаем пазіцыю Расеі як должнае. А рэфэрэндум можа быць толькі па аднаму пытаньню – Канстытуцыя Саюзнай дзяржавы. Дакумэнт будзе вынесены на абмеркаваньне ў дзьвюх краінах адначасова, і там усё будзе прапісана: і фінансавая сыстэма, і палітычная, і эканамічная”.

Калі параўнаць зьместы тэкстаў Лукашэнкі й ягоных хаўрусьнікаў, то здаецца, яны адносна будаўнітцва Саюзу аднолькавыя. Толькі ў расейцаў чамусьці гучыць ультыматум Лукашэнку. Чаму?

Вось што піша той жа Якубовіч у сваім артыкуле, даючы адлуп расейскім дзеячам:

“Яны менш за ўсё цікавяцца меркаваньнем наконт тэрміновага ўваходжаньня Беларусі ў Расею самога беларускага народа, які даказаў кожнаму, что наша краіна годна, каб самастойна будаваць і разьвіваць невялікую, але сымпатычную эўрапейскую дзяржаву. Тым больш, што вельмі далёка за складанымі гістарычнымі перакатамі засталася адчайная мальба Янкі Купалы “хочам людзьмі звацца”. Краіна, чыя моладзь перамагае на міжнародных матэматычных конкурсах, ня мае патрэбы ў чыім-ліба патэрналізме і не будзе па камандзе разварочвацца ў мінулае ў бязьлікую губернію вялікай імпэрыі. Што тычыцца зьляцеўшага з вуснаў Пушкова слова “трыбунал” за непаслухмянства, то тут трэба нагадаць класіка “ён гразіт, а нам ня страшна”. Мы уж самі ў стане выбраць сабе прэзыдэнта, без понуканій і парадаў”.

У Менску лічаць, што Саюз мусіць быць скіраваны на тое, каб, застаючыся сувэрэннымі, Менск і Масква збліжаліся для падвышэньня якасьці жыцьця.

Спадзяюся, што з прыведзеных цытатаў наш слухач зразумеў, што шэраговы выбаршчык нічога не зразумее з агітацыі перад рэфэрэндумам, калі прэзыдэнт будзе цьвердзіць пра Саюзную дзяржаву з больш цеснымі адносінамі, чым у СССР, а яго ідэёлягі будуць талдычыць пра сувэрэннасьць і незалежнасьць эўрапейская краіны.

І тут вырашальную ролю адыграюць тыя, хто лічаць.

Уладзімер Падгол