• Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы
  • 22.10.2005
20 кастрычніка ў Маскве прайшло чарговае паседжаньне расейска-беларускай камісіі па выпрацоўцы Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы.

Пасьля яго заканчэньня спікэр Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў завяіў, што праект Канстытуцыйнага акту будзе прадстаўлены на разгляд Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы да 15 лютага, затым акт будзе вынесены на рэфэрэндум. Гэта будзе апошняй кропкай. Па словах Грызлова, зь верасьня ў праект унесена 144 папраўкі.

Старшыня палаты прадстаўнікоў парлямэнту Беларусі Ўладзімір Канаплёў паведаміў, што гэтыя папраўкі на 99% узгоднены. Засталіся толькі пытаньні, якія патрабуюць палітычных рашэньняў.

Што гэта за палітычныя рашэньні?

Горача было пад час абмеркавньня таго, што кандыдатура старшыні ўраду Саюза ня мусіць узгадняцца з саюзным парлямантам. Адныя прыводзілі доказы, што толькі вышэйшы Савет мусіць зацьверджваць гэтую кандыдатуру, іншыя казалі, што толькі з парлямэнтам Саюзу мусіць узгадняцца гэтая кандыдатура.

Дакумэнт прадугледжвае абраньне дзьвюхпалатнага парлямэнту. У ніжняй палаце будзе 28 членаў ад Беларусі і 75 ад Расеі. Верхняя палата будзе сфармаваная на парытэтных пачатках. Будуць утвораны адзіныя ворганы кіраўнічай улады - Савет міністраў. Вышэйшым кіруючым ворганам Саюза стане Вышэйшы Савет Саюзнай дзяржавы.

Такім чынам праектаваны Саюз – можа зрабіцца краінай Саветаў. Але саветаваць народам як жыць будуць два чалавекі – прэзыдэнты. Кіраўніком Савета міністраў будзе асоба, якая не ўзначальвае ўраду сваёй краіны. А вось прынцып яго прызначэньня ня вызначаны і дадзены на рашэньне Пуціну й Лукашэнку.

Усю гэтую інфармацыю я ўзяў з кароценькай занатоўкі газэты "Савецкая Беларусія" за 21 кастрычніка. Больш ніводзін прэзыдэнцкі сродак масавай інфармацыі не распавёў пра паседжаньне.

У штабе адзінага кандыдата ад апазыці тым часам ідзе кадравая праца. Выносяцца прапановы на розныя пасады, абмяркоўваюцца. Да выбаршчыкаў покуль рукі не даходзяць.

Пра шанцы Мілінкевіча цікавыя рэчы расказаў у газэце „Наша Ніва” за 21 кастрычніка прафэсар Алег Манаеў, кіраўнік Інстытуту сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледаваньняў. Згодна з апошнімі апытаньнямі, зноў выбраць Лукашэнку хоча 44,3%, даць шанец іншаму – 44,8%.

Калі пытаньне гучыць так: “Калі Лукашэнка зноў будзе вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах, а ягоным супернікам будзе прадстаўнік ад дэмапазыцыі, за каго вы аддасьцё свой голас? 47,5% аддадуць за Лукашэнку, а 25,5% за прадстаўніка дэмакратычнай апазыцыі.

Манаеў прагназуе, што рэйтынг Мілінкевіча да 16 красавіка – пачатку прэзыдэнскай кампаніі – можа падвысіцца максімум да 25%.

І адзіны шанец у Міленкевіча сягнуць да 50% – гэта стаць ня проста кандыдатам ад дэмакратычнай апазыцыі, а агульнай альтэрнатывай для Лукашэнкі ў сьвядомасьці ўсіх выбаршчыкаў. Калі гэта так, то гэта немажліва. Прэзыдэнцкая прапаганда вылепіць зь Мілінкевіча лідэра БНФ, што звузіць ягоны рэйтынг нават ніжэй за прадстаўніка дэмакратычнай апазыцыі. Але, калі Пазьняк актыўна ўвойдзе ў прэзыдэнцкія выбары, прыедзе на Радзіму, тады ён забярэ сабе імідж лідэра БНФ і адкрые Мілінкевічу шанец набыць новае аблічча.

Уладзімер Падгол