• Саюз Расея - Беларусь: абмеркаваньне працягваецца
  • 29.10.2005
У прэзыдэнцкім друку працягваецца абмеркаваньне вынікаў паседжаньня Расейска-Беларускай камісіі па распрацоўцы Канстытуцыйнага акту Саюза Расея - Беларусь. Дакладней кажучы, абмеркаваньне ідзе ў дадатках да газэтаў „Савецкая Беларусія” і „Звязда” за 27 кастрычніка, якія адпаведна называюцца "Саюз Беларусь-Расея" і "Саюзнае вече".

У газэце „Савецкая Беларусія” пішацца пра меркаваньне кіраўнікоў выбарчых камісіяў краін Ярмошынай і Вішнякова.

Па-першае, калі дзяржсакратар Саюза Барадзін выказаў меркаваньне, што рэфэрэндум па Канстытуцыйнаму акту і абраньне парлямэнту Саюза можна будзе правесьці ў 2006 годзе, то Вішнякоў выказаў з гэтай нагоды сумненьне.

Па-другое, Вішнякоў упэўнены, што для абраньня парлямэнту Саюзу не патрэбны спэцыяльны агульны закон, бо агульны саюзны закон можа прыйсьці ў супярэчлівасьць з нацыянальнымі законамі. Да таго ж па Вішнякову выбары на падставе агульнага закону паставяць расейцаў у няроўныя ўмовы зь беларусамі. Расеец мяркуе, што выбары ў парлямэнт Саюзу мусяць праходзіць па законах кожнай дзяржавы. З гэтай нагоды ў камісіі ўзьніклі спрэчкі, і папраўкі Вішнякова ўлічылі ў праекце Канстытуцыйнага акту.

Лідзія Ярмошына пагадзілася зь Вішняковым.

Далей дадатак „Саюз” прывёў наступныя матэматычныя разьлікі:

Калі Вышэйшы дзяржсавет адобрыць праект Канстытуцыйнага акту ў лістападзе, тады ён паступіць у парлямэнцкі сход Саюзу Беларусі і Расеі. Для разгляду, дапрацоўкі й прыняцьця дакумэнта патрэбна два - тры месяцы. Напрыканцы зімы, пасьля адабрэньня праекту Саюзнымі парлямэнтарамі, ён будзе накіраваны кіраўнікам дзяржаў. Тыя ўнясуць праект у нацыянальныя парлямэнты, а на двары ўжо сакавік.. Наступны этап - абвяшчэньне рэфэрэндумаў, на падрыхтоўку якіх пойдзе мінімум тры месяца. Значыць у чэрвені можна будзе праводзіць рэфэрэндумы.

Як бачым, разьлік тэрмінаў паказвае супадзеньне выбараў прэзыдэнта Беларусі і рэфэрэндуму па Канстытуцыйнаму акту.

А што ёсьць на гэты конт у апазыцыі?

Валеры Карбалевіч у газэце „Свабодныя новасьці плюс” за 26 кастрычніка адзначае, что сярод лідэраў апазыцыі Лукашэнкі ёсьць толькі палітыкі адзіночкі, якія прапануюць Маскве больш радыкальныя крокі ў інтэграцыі – гэта Леанід Сініцын і Валеры Фралоў.

Так, калі ў 2002 годзе Пуцін прапанаваў Беларусі далучыцца да Расеі абласьцямі, толькі Сініцын – былы паплечнік Лукашэнкі падтрымаў гэтую ідэю. А зараз Фралоў лічыць мажлівым увядзеньне адзінай валюты, а гэтаму супрацьстаіць Лукашэнка.

Карбалевіч адзначае, што за дзесяць год інтэграцыйнай прапаганды на Беларусі пазьнікалі ўсе палітычныя аб’яднаньні, якія мелі мэты інтэгравацца з Расеяй. Так у 1994 годзе існаваў Славянскі сабор Белая Русь і партыя Гайдукевіча, якія мелі праграмныя мэты ўзьяднаньня з Расеяй. Зараз і сабора няма, і партыя Гайдукевіча не імкнецца быць інтэграсьнее Бацькі.

Пасьля разгляду тэхналягічнага боку ўтварэньня новай дзяржавы, хачу засяродзіць вашу ўвагу на словах Грызлова, якія цытуе „Савецкая Беларусія”: “нашы народы ўжо пацьвердзілі намер жыць у саюзнай дзяржаве”. Дзе і калі той намер пацьвердзілі беларусы - мне невядома. Хлусьня аднаго з вышэйшых кіраўнікоў Расеі цынічная, і нахабная. Але што больш за ўсё засмучае, што ніводзін лідэр беларускай апазыці, ніводзін прэтэндэнт на статус кандыдата ў прэзыдэнты ніяк не рэагуе на гэтую хлусьню.

Вось вынікі апошніх дасьледаваньняў НІСЭПІ Алега Манаева: тры гады таму за ўтварэньне адзінай дзяржавы было 20% адсоткаў грамадзянаў Беларусі. Сёньня толькі 13%.

Адзначу толькі, што 26 кастрычніка Лукашэнка па Беларускаму тэлебачаньню, падчас абмеркаваньня праблемы будаўніцтва тэлевежы ў Менску заклікаў міністраў: “Пара станавіцца нацыяй! Мы мусім рабіць гісторыю і кожны крок адзначаць...”.

Якія ж шанцы Лукашэнкі на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах? Газэта „Народная воля” за 26 кастрычніка паведамляе вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў НІСЭПІ прафэсара Манаева. Гатоўнасьць галасаваць за яго выказвае 47%, а прадказвае яго перамогу 72%.

На пытаньне “Ці верыце Вы, што Лукашэнка можа быць адхілены ад улады ў выніку каляровай рэвалюцыі?” Так – адказалі менш за 15% адсоткаў.

На пытаньне “Ці гатовы Вы ўзяць удзел у вулічных акцыях пратэсту, калі вынікі выбараў будуць сфальшаваныя?” 15,5% сказалі ТАК, 76% - НЕ, 8,2% ня ведаюць.

Уладзімер Падгол