• Лукашэнка апынуўся на першым месцы
  • 12.11.2005
У чацвер і пятніцу ўсе прэзыдэнскія СМІ паведамлялі пра вынікі апытаньня расейцаў пра рэйтынгі прэзыдэнтаў краінаў СНД. Апытаньне праводзіў Нацыянальны інстытут рэгіянальных дасьледаваньняў і палітычных тэхналёгіяў “Экспэртная супольнасьць”. Лукашэнка апынуўся на першым месцы з 52 адсоткамі. На другім месцы прэзыдэнт Казахстана Назарбаеў - 47 адсоткаў, на трэцім – Юшчанка - 23 адсоткі.

Найбольшы рэйтынг Лукашэнкі ў жыхароў Масквы й Санкт-Пецярбурга – 58 адсоткаў.

Зьяўленьне пераможнага рэйтынга Лукашэнкі ў расейцаў менавіта ў гэты час невыпадкова. Праз тыдзень, другі адбудзецца сустрэча Пуціна й Лукашэнкі, дзе яны абмяркуюць праекты Канстытуцыйнага акту. Мажлівым вынікам сустрэчы можа стаць абвастрэньне супярэчлівасьці паміж лідэрамі. Бо экспэрты ня вырашылі праблемы структуры вышэйшага кіраўніцтва Саюзам. І тады, як заўжды прэзыдэнту Беларусі прыдзецца апэляваць за падтрымкай да народу. Вось і рыхтуюць прэзыдэнцкія ідэёлягі рэйтынгавы пляцдарам для Лукашэнкі, каб яго ісьціна была большай за Пуцінскую.

Газэта "Звязда" за 10 лістапада ўва ўкладышы “Саюзнае вече” нарэшце прывяла ў пашыраным выглядзе вынікі апытаньня расейцаў наконт інтэграцыі Беларусі й Расеі. Прывяду толькі адзін разьдзел, які я ня змог у поўным выглядзе даць у папярэдняй перадачы:

Апытаньне праводзіў ВЦІОМ:

За аб’яднаньне Расеі й Беларусі ў адну дзяржаву выступіла 30 адсоткаў расейцаў

За аб’яднаньне кшталту Эўразьвязу – 20%

Беларусь мусіць увайсьці ў склад Расеі – 13%

Супроць аб’яднаньня – 23%

Такім чынам сацыёлягі робяць выснову, што 63 адсоткі расейцаў за аб’яднаньне. У 2000 годзе было 80 адсоткаў. Памяньшэньне прыхільнікаў інтэграцыі тлумачаць маруднасьцю працэсаў аб’яднаньня.

А вось іншая сацыялёгія: газэта „Наша Ніва” прыводзіць вынікі апытаньня інтэрнэт-сайта naviny.by па пытаньню: “Каго б Вы назвалі сэкс-сымбалем беларускай палітыкі?” Апытана 816 чалавек. І тут Лукашэнка на першым месцы – 18 адсоткаў. На другім месцы Мілінкевіч - 14 адсоткаў. На апошніх месцах лідэр лібэрал-дэмакратаў Гайдукевіч і міністар унутраных спраў Навумаў 0,61%

Ускосны сацыялягічны экспэрымэнт адбыўся ў Беларусі і з кіраўніцтвам краіны. Калі б ім задалі пытаньне: “Якія газэты вы больш за ўсё ненавідзіце і хочаце закрыць” то на першым месцы апынуліся б недзяржаўныя газэты “Народная воля”, “Салідарнасьць” і “Згода”. Чаму я так вырашыў?

8 лістапада гэтыя газэты атрымалі лісты, падпісаныя выконваючай абавязкі кіраўніка Белпошты Ірыны Самсонавай пра тое, што з 1 студзеня Белпошта ня будзе разносіць гэтыя газэты й прадаваць іх у шапіках. У “Народнай волі” 16 тысячаў падпісчыкаў. Зараз перад кіраўніцтвам газэтаў паўстала задача наладжваньня незалежнай сыстэмы распаўсюджваньня. Вялікай катастрофы тут няма, бо "Народную волю" цягам апошніх месяцаў распаўсюджвалі партыйныя актывісты. Іншая справа, что чытацкая аўдыторыя крыху звузіцца, бо вялікая група непартыйных грамадзянаў і нават чынавенства, купляючы газэту ў шапіках, мела аб’ектыўную інфармацыю. Зараз гэтыя група адсякаецца ад яе.

Тым часам палітычная апазыцыя пачала выпускаць свой „Інфармацыйны бюлетэнь аб’яднаных дэмакратычных сілаў”. Выйшла ўжо чатыры нумары, апошні датуецца 4-м кастрычніка. Распаўсюджваецца палітычнымі актывістамі й створанай раней структурай незалежнага распаўсюджваньня.

Яшчэ адзін пэрспэктыўны рэйтынг, неабходны для перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах, прыводзіць у сваім артыкуле для газэты "Беларус", што выдаецца ў Нью-Ёрку, лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк. Вытрымкі з гэтага артыкула прыводзіць газэта "Наша Ніва":

„Рэальнай альтэрнатывай Лукашэнку можа стаць толькі беларускамоўны патрыёт Беларусі, здольны гарантаваць дэмакратыю ў краіне, а калі такога не дапусьцяць да выбараў, тады народ на плошчы колькасьцю ня менш за 100 000 павінен прывесьці да прысягі на вернасьць нацыі і Беларусі таго, хто застанецца ў альтэрнатыве”.

Для вызначэньня мажлівасьці такой акцыі трэба ведаць вынікі папярэдніх сходаў насельніцтва. У 1991 годзе пасьля падвышэньня цэнаў на прадукты на пляц Незалежнасьці выйшла 120 000 рабочых менскіх заводаў, у 1996 годзе Чарнобыльскім Шляхам у Менску прайшло 50 000 грамадзянаў. Больш ніводная акцыя апазыцыі не зьбірала некалькі дзесяткаў тысячаў чалавек. З кожнай акцыяй іх рабілася меней і меней. А ці павялічыцца іхная колькасьць, калі Пазьняк у сваім праекце выступае супроць палітычнай апазыцыі, якая вылучыла адзіным кандыдатам на мажлівы пост кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча? Покуль верыцца слаба, але можа Пазьняк мае свой сакрэтны плян? Палітык ён самы вопытны зь беларускай апазыцыі, і хочацца верыць, што такі плян ёсьць...

Трэба аддаць належнае Пазьняку. Ён апошінм часам самы актыўны з усіх лідэраў апазыцыі. Пастаянна прапануе новыя ініцыятывы. Астатніх не чуваць, іх тэкстаў і ініцыятыў ня бачна.

Удалзімер Падгол