• Просяць Філарэта
  • 19.11.2005
Газэта «Народная воля» за 15 лістапада паведаміла пра зварот ад Згуртаваньня беларусаў сьвету і Саюза пісьменьнікаў, падпісаныя іх кіраўнікамі - мастаком Марачкіным і літаратуразнаўцам Пашкевічам - да Філарэта. У звароце грамадзкія дзеячы просяць уладыку прыкласьці намаганьні да вяртаньня ў грамадзкі ўжытак хрысьціянскіх колераў бел-чырвона-белага ў зьвязку з тым, што яны пад ціскам уладаў апынуліся пад забаронаю. Стужкі з гэтымі колерамі традыцыйна месьцяцца на адзеньні праваслаўных сьвятароў і таго ж Філарэта падчас пэўных службаў.

Зварот быў перададзены 6 кастрычніка, што пацьвердзілі ў канцылярыі епархіальнага ўпраўленьня. Адказу па сёньняшні дзень няма.

Складанасьць сытуацыі для Філарэта ў тым, што хрыстовы колеры на Беларусі адначасова ёсьць і колеры незалежнасьці беларускай дзяржавы, і самастойнасьці беларускай нацыі. А тут набліжаецца прыняцьцё Канстытуцыйнага акту Саюзу Беларусі і Расеі, які можа пакласьці пачатак канца і незалежнасьці, і дзяржавы, і нацыі. Філарэт, як вядома, падначалены Маскоўскім праваслаўным начальнікам і прыхільнік адзінства беларускага й расейскага народаў.

Вось і газэта „Звязда” за 17 лістапада паведаміла, што шэраг праваслаўных і грамадзскіх актывістаў Расеі выступілі з заявай, у якой заклікалі да “хутчэйшага заключэньня паўнацэннага Саюзу Беларусі і Расеі”.

І вось для другога прыхільніка адзінства Беларусі й Расеі з тоеснасьцю народаў праблемаў няма. Газэта “Савецкая Беларусія” за 17 лістапада ў сваім дадатку „Саюз” надрукавала развагі кіраўніка групы расейскіх экспэртаў па распрацоўцы Канстытуцыйнага акту прафэсара Аўтаномава. Працытую некаторыя вытрымкі зь яго:

“...рускія і беларусы іспакон вякоў жылі разам, у адной дзяржаве. Ніколі не ваявалі друг з другам. Лёсы нашых народаў настолькі пераплецены, што падзяляць культуру, мову па нацыянальнаму прынцыпу проста нельга. У нас заўжды была агульная культура... У 18 стагодзьдзі зьявілася слова “тутэйшыя” так называлі сябе рускія, якія жылі у западнай частцы Русі”. Каментар да гэтых выказваньняў залішні.

У матэрыялах па інтэграцыі Беларусі й Расеі ўсе, хто піша, пачынаючы зь дзяржсакратара Саюза П.Барадзіна, заяўляюць пра сутнаснае існаваньне Саюзу ў эканамічнай галіне. Прыводзяцца лічбы інтэграцыі, дзе 60 адсоткаў, а дзе й 80. Але вось у той жа „Звязьдзе” за 17 лістапада ва ўкладышу „Саюзнае вече” цэлая паласа адведзена аналізу пэрспэктываў уступленьня Беларусі й Расеі ў Сусьветную Гандлёвую Асацыяцыю. Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Міхневіч лічыць, што было б ідэальна уступіць у СГА адначасна з Расеяй. Але на практыцы гэта наўрад ці адбудзецца. А зараз уявіце, што ўжо ўтворана так званая адзіная Саюзнай дзяржава. І вось у СГА уступае спачатку адна яе частка – Расея, а потым другая – Беларусь. А можа Беларусь увогуле не ўступае, ну, не прымаюць яе, ды і ўсё. І вось ужо прэзыдэнцкія навукоўцы на той жа старонцы аналізуюць, што будзе, калі Расея ўступіць, а Беларусь не.

Для нармальных мазгоў спасьцігнуць існаваньне такой Саюзнай дзаржавы немажліва. Але для нармальных Саюз і не ўтвараецца.

На мінулым тыдні ў Маскве пабываў адзіны кандыдат ад палітычнай апазыцыі Мілінкевіч разам з кіраўніком свайго штаба Калякіным. Пры размове са мной Калякін упэўнена сьцьвярджаў, што Канстытуцыйны акт на сустрэчы двух прэзыдэнтаў ня будзе падпісаны Лукашэнкам, і таму іх сустрэча пераносіцца. У Маскве прадстаўнікі беларускай апазыцыі даводзілі крамлёўцам, што Лукашэнка проста водзіць іх за нос, падманвае. А вось яны, калі дадуць слова, то будуць трымаць. Пры гэтым незалежнасьцю Беларусі яны не гандлююць.

Пасьля Масквы Мілінкевіч адразу паехаў сустракацца з выбаршчыкамі па гарадох Беларусі. Ходзіць па вуліцах, крамах, рынках, прахадных заводаў. Спэцыяльных мітынгаў ня робяць, бо можна парушыць закон аб выбарах і быць пакараным за датэрміновую агітацыю.

Пачаліся й правакацыі супроць адзінага. У Салігорску ў Мілінкевіча нейкі нацыянал-бальшавік пацэліў яйкам у галаву. Яйка разьбілася, адскочыла ад галавы адзінага й заліло куртку выбаршчыка, які гутарыў зь Мілінкевічам. Міліцыянты забралі яйкакідальніка. Мілінкевіч адмовіўся пайсьці ў міліцыю. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Мілінкевіча й надрукавалі незалежныя газэты. Калі ўзгадаць, што пад час Кангрэсу дэмакратчных сілаў Шушкевічу перад тэлекамэрамі нехта заліў сьмятанай касьцюм, што й паказала прэзыдэнцкае тэлебачаньне, то можна спрагназаваць, што Мілінкевічу прыдзецца ўвесь час быць мішэньню арчкідальнікаў і бруднасловамі.

Але дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што покуль Мілінкевіч ад уладаў не атрымаў ніводнага сур’ёзнага ідэялягічнага ўдару, акрамя яйка па галаве. За той жа час Зянон Пазьняк крытыкаваў Мілінкевіча за яго стасункі з Масквой.

Уладзімер Падгол