• Прэсканфэрэнцыя Лукашэнкі з расейскімі журналістамі
  • 26.11.2005
Адна з галоўных падзеяў тыдня на Беларусі - прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі з расейскімі журналістамі. Яны паезьдзілі па лепшых гаспадарках рэспублікі, добра елі й пілі, і вось удзячныя сталі задаваць пытаньні Лукашэнку.

З адказаў мы можам зрабіць высновы.

1. Ніякага ўтварэньня адзінай дзяржавы покуль ня будзе, бо Лукашэнка застаўся на сваіх пазыцыях: Саюз на роўных, а гэта азначае й допуск Лукашэнкі на палітычнае поле Расеі.

2. Лукашэнка пакрыўджаны кіраўніцтвам Расеі: С-300 прадаюць, а не даюць, газ прадаюць не па ўнутраных цэнах Расеі.

Лёс незалежнасьці Беларусі залежыць сёньня ад мажлівасьці дамовіцца паміж Пуціным і Лукашэнкам. Народ адлучаны ад рашэньняў па ўтварэньню Саюзнай дзяржавы Расея-Беларусь. Апазыцыя на Беларусі ніяк не рэагуе на крокі Крамля й Лукашэнкі па збліжэньню. Напрыклад, на прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі, частку якой паказалі па тэлебачаньні, Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўжо пяць разоў праходзіў рэфэрэндум па аб’яднаньні з Расеяй, і народ выказваўся за. Але такога рэфэрэндуму ніколі не было!

Толькі ў 1995 годзе адначасова з пытаньнямі па зьмене сымболікі быў рэфэрэндум аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Дарэчы, на сайце прэзыдэнта напісана па іншаму. Тым ня менш словы Лукашэнкі напаткала традыцыйная апазыцыйная цішыня.

Кажучы пра мажлівую сустрэчу з Пуціным, дзе плянавалася абмеркаваць Канстытуцыйны акт, Лукашэнка паведаміў:

„Што тычыцца адзінай дзяржавы. Клянуся вам, што з майго боку, з боку беларусаў няма ніякага тармажэньня. Я за Саюз па прынцыпу Савецкага Саюзу, а Пуцін за Саюз на прынцыпах Эўразьвязу. На апошняй сустрэчы ў Завідава я пагадзіўся, што будзем пісаць Канстытуцыйны акт па прынцыпу Эўразьвязу, але зьявіліся папраўкі юрыдычнага ўпраўленьня адміністрацыі Прэзыдэнта Расеі, якія нам абяцаюць перадаць у бліжэйшы час... Мы гатовыя да пабудовы дзяржавы, але на прынцыпах роўнасьці. Гэта аснова.”

Адказваючы на пытаньні расейцаў, Лукашэнка ўвесь час імкнуўся даказаць ім, што ён самы адданы Расеі лідэр.

“Гіпатэтычная параза сёньняшняй улады ў Беларусі – гэта будзе жорсткі удар па Расеі.

Саюз патрэбны й дзеля таго, каб бараніць Расею. Пад Смаленскам нічога няма акрамя беларускіх войскаў. У СМІ часта паведамляюць, што расейцы перадаюць нам 4 дывізіі супрацьракетных комплексаў С-300, але не перадае, што мы купляем іх. А ці правільна гэта?

Вот были бы чудеса, когда из своей фактически страны вам пришлось бы уезжать, как из небезызвестных республик Советского Союза. Нам быстро удалось эту тенденцию переломить. Да и переламывать не надо было — наш народ не такой.”

Адказваючы на пытаньне расейскай журналісткі, а што ж Лукашэнка хацеў бачыць у сваёй Беларусі станоўчага з расейскага вопыту, прэзыдэнт адказаў:

“Я хацеў бы, каб у Расеі было ўсё так, як у нас”. Такім чынам нічога з сучаснай Расеі Лукашэнка ня ўзяў бы ў Беларусь.

А зараз зірнем на нас, на тое, што б магло быць у Расеі?

Улады аддалі загад і сябраў Саюза палякаў, якія не пагадзіліся з разгромам дэмакратычна абранага кіраўніцтва Саюза, не выпускаюць за мяжу. Таталітарная сыстэма ўлады ўтварыла такую сыстэму прыпісак, што рэальны збор ураджаю ня ведае ўрад і прэзыдэнт. І толькі кожная чарговая кантрольная праверка дзяржкантролем выяўляе па 100 і болей адсоткаў прыпісак.

У Менску прайшоў сход па ўтварэньню новага Саюзу пісьменьнікаў. Яго вёў і ўрэшце ўзначаліў новы Саюз Мікалай Чаргінец. Гэты аўтар дзясяткаў дэтэктываў ёсьць былы генэрал, кіраўнік перадвыбарчага штабу Лукашэнкі ў 2001 годзе й самы адданы дэпутат парлямэнту.

Пакрысе робяцца вядомымі некаторыя падрабязнасьці знамянальнага сходу, якія й далі мне падставу сьцьвярджаць пра заклік атакаваць вольных пісьменьнікаў. Газэта ўрада Беларусі “Рэспубліка” за 22 лістапада працытавала некалькі вытрымак з выступу Чаргінца:

“...ужо больш за дзесяць гадоў існуючы Саюз пісьменьнікаў не займаецца ўласна літаратурай. Любыя сходы, якія праводзіліся на працягу гэтага часу, амаль ніколі не датычыліся пытаньняў творчых, дзейнасьці пісьменьнікаў і іх кніг. Затое і на сходах і на зьездах прымаліся адкрыта варожыя заявы супроць дзяржаўнага ладу і законна абранага Прэзыдэнта краіны, а Дом літаратара ператварыўся ў гняздо непрымірымай апазыцыі... Ужо больш за дзесяць гадоў Саюз падаў у бездань супрацьстаяньня ўладзе.”

На гэтым прыпыню цытаваньне й зраблю караценькі камэнтар.

Абвінавачваньні Чаргінцом сябраў Саюзу пісьменьнікаў у варожых закліках супроць дзяржаўнага ладу нішто іншае, як данос аб крымінальным злачынстве і рэанімацыя сталінскіх “ворагаў народа”.

У Чаргінца былі папярэднікі. У трыццатыя гады на старонках літаратурных газэтаў такія ж даносы пісалі літаратурны крытык і драматург Лукаш Бэндэ й Айзик Кучар. Пасьля вайны з гітлераўцамі й першай хваляй рэабілітацыі. Гэтая парачка часта сядзела ў бібліятэтак і лязом выразала свае артыкулы-даносы. Але ўсе пра гэта ведалі.

Але вернемся да выступу літаратурнага ката. Якая ж візытоўка новага Саюзу? Зноў цытую Чаргінца: “Гэта Саюз, члены якога адхіляюць шкодныя для дзяржавы, улады, прэзыдэнта дзеяньні. У сваім статуце мы заяўляем аб недапушчальнасьці антыдзяржаўнай сімволікі. Мы не пацерпім спробы ператварыць новы Саюз у гняздо варожасьці, нацыянальнай нянавісьці і супроцьстаяньне дзяржаве…”

Прыпынюся на гэтым. Камэнтару патрабуе “недапушчальнасьць антыдзяржаўнай сымболікі”. Тут маюцца на ўвазе бел-чырвона-белыя колеры. Дагэтуль ніводная арганізацыя, ніводзін дзяржаўны дзеяч публічна не дэманстравалі варожасьці Хрыстовым колерам. Акрамя былога кіраўніка справамі Лукашэнкі Івана Ціцянкова, які сваімі рукамі парваў на кавалкі дзяржаўны сьцяг. А тут дэпутат парлямэнту нават занёс у Статут антыхрыставу пазыцыю.

Уладзімер Падгол