• Папраўкі ў Крымінальны кодэкс краіны
  • 27.11.2005
Галоўнай падзеяй тыдня стала прыняцьцё паправак у Крымінальны кодэкс краіны. Законапрект прыйшоў 23 лістапада ад Лукашэнкі з пазнакай “тэрміновы” , а 25 лістапада яго прэзэнтаваў у парлямэнце старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка.

Падчас іх прыняцьця ў першым чытаньні супроць паправак прагаласавала 6 дэпутатаў. Парлямэнт прыняў усе папраўкі бязь зьменаў. 97 – За, 4 - Супроць.

У чым сэнс новых артыкулаў?

“Артыкул 193-1: Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, фонду, альбо ўдзел у іх дзейнасьці”. За дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі асобе пагражае ці штраф, ці арышт да 6 месяцаў, ці зьняволеньне да 2-х год. Той, хто выйдзе з такой арганізацыі і данясе на яе ворганам, вызваляецца ад адказнасьці.

Артыкул 293. за навучаньне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаваньне такіх дзеяньняў. Ад 6 месяцаў да 2 гадоў пазбаўленьня волі.

Артыкул 342. за навучаньне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзянскі парадак, а таксама фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забясьпячэньне такой дзейнасьці.

За публічныя заклікі да захопу ўлады – пакараньне ад 6 месяцаў арышта да трохгадовага зьняволеньня.

Заклікі да замежных дзяржаў, замежнай ці міжнароднай арганізацыі “зьдзейсьніць дзеяньні на шкоду вонкавай бясьпекі Беларусі, яе сувэрэнітэту й тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама распаўсюджваньне матэрыялаў, якія зьмяшчаюць такія заклікі” цягнуць арышт да 6 месяцаў і зьняволеньне да 3 год.

За “Дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь” да двух гадоў зьняволеньня.

Цікава, а што такое дыскрэдытацыя рэспублікі?

Гэта прадастаўленьне замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама хлуслівых зьвестак аб палітычным, эканамічным,, сацыяльным, вайсковым, ці міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзянаў ці ворганаў улады.

Артыкул Крымінальнага кадэксу “Дыскрэдытацыя савецкай улады” існаваў у БССР 1928 году - гэта быў артыкул 58 са значкам 10. А ў кодэксе 1960 года артыкул 67. У тых кодэксах пакараньне было да 10 год зьняволеньня.

Гэтыя артыкулы скіраваныя на тое, каб паралізаваць дзейнасьць апазыцыі перад выбарамі прэзыдэнта. Зараз немажліва будзе правесьці ніводнага сэмінару па навучаньню валянтэраў, назіральнікаў за выбарамі. Кандытат у прэзыдэнты ад апазыцыі за крытыку ўлады можа трапіць у пастарунак. Праваабаронцы за перадачу інфармацыі аб сытуцыі ў краіне – таксама.

Але, што цікава, калі ўлада зьменіцца, а артыкулы застануцца, тады ўсіх, хто выступаў ад імя неіснуючай дзяржавы, Саюз Расея-Беларусь можна садзіць за краты па гэтых артыкулах. І ў першую чаргу сёньняшняга прэзыдэнта.

Уладзімер Падгол