• Папраўкі ў Канстытуцыйны акт Саюзу
  • 03.12.2005
На фронце барацьбы за ўтварэньне Саюза Расея-Беларусь зацішша. Прайшоў тыдзень і грамадзкасьці невядомыя тыя папраўкі ў Канстытуцыйны акт Саюзу, якія даслалі зь юрыдычнага ўпраўленьня адміністрацыі Пуціна да Лукашэнкі. Пра гэтыя папраўкі заявіў сам прэзыдэнт Беларусі падчас прэсавай канфэрэнцыі з журналістамі расейскіх рэгіёнаў.

Чарговыя выхады чацьвярговых укладышаў у прэзыдэнцкія газэты “Савецкая Беларусія” і “Звязда” нічога не праясьнілі. Але затое ў “Звязде” ў “Саюзным вече” надрукавалі цікавыя аналітычныя артыкулы расейцаў на гэты конт.

Вось што піша Леанід Шаршнёў, прэзыдэнт Фонда нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі:

“Па пытаньнях саюзнага будаўніцтва афіцыйная Масква заняла сугуба прагматычную пазыцыю. Масква ня можа дапусьціць таго становішча, калі зьяўленьне Саюзных надбудоў прывядзе да канфлікту цэнтральных і мясцовых уладаў, дэстабілізацыі фэдэратыўных адносінаў у краіне, узмацненьню цэнтрабежных тэндэнцыяў, а таксама павялічэньню вонкавага ціску і, як следзтва абмежаваньню міжнародных мажлівасьцяў дзяржавы.

У Беларусі таксама адбыліся пэўныя пераацэнкі сытуацыі вакол саюзнага будаўніцтва, як ува ўладных колах, так і ў грамадзкай думцы. Рэспубліка не мае намеру ісьці на саступкі па пытаньню сувэрэнітэту, не гатова ўводзіць адзіную грашовую адзінку, што прадугледжана Дамовай і праграмай па яе рэалізацыі. Адначасова беларускі бок настойвае на тым, што ў праект Канстытуцыйнага акту ня мусяць уносіцца тыя палажэньні, якія вядуць да рэвізіі беларуска-расейскай саюзнай дамовы.

Самая галоўная небясьпека можа пасьцерагаць Канстытуцыйны працэс у ходзе яго ўсенароднага абмеркаваньня. Амаль дзесяцігадовая эксплуатацыя ідэі беларуска-расейскага яднаньня прывяла да адчужэньня шэраговых грамадзянаў ад аб’яднальных ідэяў. 27% расейцаў лічаць лепшай формай аб’яднаньня Расеі й Беларусі адзіную фэдэратыўную дзяржаву. 14% - уваходжаньне РБ у склад Расеі 5% - міждзяржаўны Саюз, 2% - мадэль расейскай імпэрыі, 1% - уваходжаньне Расеі ў склад Беларусі.

Які кіраўнічы ворган лепшы для Саюза? 27% - прэзыдэнт Расеі. 19% - прэзыдэнт Беларусі. 14% - Вышэйшая дзяржаўная рада i 7% - Саюзны парлямэнт.”

Ідэялягічны і геапалітычны бакі аб’яднаньня тлумачыць Натальля Нарачніцкая, намесьніца старшыні Камітэта дзярждумы Расеі па міжнародных справах доктар гістарычных навукаў. Прывяду некалькі вытрымак:

“Наша краіна мае поўнае права бараніць сваю зямлю і свой сьветапогляд, і свой углад жыцьця, і сваю гістарычную будучыню. У Расеі – дзяржавы велізарнай па тэрыторыі й заўжды яўляўшай самастоўны пошук сэнсу гістарычнага быцьця, нарадзіўшай унутры агульнахрысьціянскай цывілізацыі сваю культуру, заўжды будзе энэргетычнае поле, якое выходзіць за межы ўласнай тэрыторыі. Гэта закон існаваньня буйных гістарычных сілаў. Забясьпечыць уласную бясьпеку можна толькі ўтвараючы пояс прыцягненьня за межамі нацыянальных межаў.

Для рускай нацыі прыйшоў час духоўнага й палітычнага зьбіраньня расейскіх земляў, выпрацоўкі нейкага вялікага расейскага праекта, адпавядаючага часу й тэрыторыі гістарычнай Расейскай дзяржавы. Інакш дзяржавы, якія ўтварыліся пасьля распаду СССР будуць актыўна ўцягнутыя ў канфігурацыі, варожыя да нас”.

Далей ідуць развагі пра амэрыканскі пояс, якім аточваецца Расея, у які ўваходзяць і Грузія, і Ўкраіна, і Балтыя. А Беларусь – разрыў у тым поясе, і пасьля далучэньня яе да Расеі можа пачацца ўзнаўленьне Расейская імпэрыі.

А зараз крыху бытавухі. На днях жорстка зьбіты рэктар Мастацкай акадэміі Рычард Смольскі. У гэтыя дні афіцыйныя СМІ паведамілі пра тое, што ў Беларусі не раскрываецца кожнае трэцяе злачынства. Беларусь выйшла на трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці зьняволеных. Гэтыя факты сьведчаць, што ў галіне крыміналу Беларусь і Расея даўно зьядналіся. З экранаў тэлевізара па расейскіх тэлеканалах кожны дзень паказваюць пра забойствы, рабаваньне, бязьмежную карупцыю. Па беларускіх – цвердзяць пра самую спакойную рэспубліку, дзе па вуліцах можна хадзіць не баючыся. Відаць, злачынцы сапраўды могуць.

Уладзімер Падгол