• Саюз і Крымінальны кодэкс
  • 09.12.2005
Канстытуцыйны акт Саюзу Беларусі і Расеі зноў накіраваны на дапрацоўку. Зноў мусяць зьбірацца экспэрты дзвюх краінаў, каб узгадняць спрэчныя палажэньні. Якія папраўкі прыйшлі з адміністрацыі Пуціна па акту, невядома па сёньняшні дзень.

Але, што цікава, дык гэта камэнтары ў прэзыдэнцкіх СМІ Беларусі з нагоды адтэрміноўкі абмеркаваньня акту прэзыдэнтамі. Нічога ня кажучы пра яго зьмест, журналісты кажуць пра неабходнасьць пошуку кампрамісаў. Што мусіць быць прадметам кампрамісу, ёсьць дзяржаўная таямніца абедзвюх дзяржаваў. Паўнамоцны прадстаўнік Лукашэнкі ў Маскве Даўгалёў, ён жа намесьнік прэм'ер-міністра, ў газэце „Савецкая Беларусія” ўва ўкладышу „Саюз” сказаў, што папраўкі тычацца “прадметаў вядзеньня Саюзнай дзяржавы”. Калі сказаць простаю моваю, дык гэта разьмежаваньня сувэрэнітэтаў: які сувэрэнітэт застаецца Беларусі й Расеі, а які яны перадаюць кіраўніцтву Саюзу.

Верхняя палата парлямэнту прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі. Працягваюцца камэнтары да гэтых паправак.

Прывяду некалькі цікавых выказваньняў. Першае - дэпутата парлямэнту Геннадзя Давыдзькі. Ён былы актор, былы дырэктар тэатру імя Янкі Купалы. Ён вядомы па ролі князя Вітаўта ў аднаімённым спэктаклі. Падчас выбараў у парлямэнт яго супернікам быў Уладзімер Колас – дырэктар нацыянальнага ліцэю, які па выснове экспэртаў насамрэч выйграў выбары ў Давыдзькі, набраўшы каля 70 адсоткаў галасоў. Але ўлады прызначылі ў дэпутаты актора. І вось у інтэрвію газэце „Звязда” за 8 сьнежня Давыдзька піша:

“Дэпутаты не ўспрымаюць асобна паняцьця “радзіма” і “дзяржава”. І мне прыемна, што большасьць дэпутатаў падтрымліваюць палітыку прэзыдэнта Беларусі...

Журналістам, якія працуюць у Беларусі, трэба паводзіць сябе абсалютна свабодна. Проста ня трэба скажаць факты. Напрыклад, калі журналіст будзе гаварыць, што па Мінску страшна хадзіць вечарам, гэта будзе хлусьня. Журналісты павінны пісаць і гаварыць праўду. Калі, умоўна кажучы, ён напіша, што выпаў белы сьнег, то ў яго ня будзе ніякіх праблемаў, бо сьнег на самой справе белы”.

У мінулай перадачы я ўжо казаў, што па зьвестках кіраўніцтва МУС, на Беларусі кожнае трэцяе злачынства застаецца нераскрытым...

Вось яшчэ адно меркаваньне пра артыкул аб крымінальнай адказнасьці за дэзінфармацыю аб Беларусі. Яго прыводзіць газэта “Камсамольская праўда ў Беларусі” за 8 сьнежня:

Намесьнік міністра юстыцыі Аляксандар Петраш сказаў: “Вы ж пра сваю сям'ю дрэннага ня кажаце. Пагэтаму, наверна, казаць пра сваю рэспубліку нешта дрэннае, калі нават ёсьць нешта дрэннае, ня трэба. А канкрэтную ацэнку ў кожным канкрэтным выпадку будзе даваць суд”.

Бачыце. Яшчэ новыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс не набылі законнай сілы, але ўжо вышэйшым юрыстам дадзены тлумачэньні па іх прымяненьню. Паўтару яго меркаваньне: Калі нават дрэннае ёсьць – маўчы. А скажаш, то трапіш пад суд.

Апошнім часам яшчэ адзін камэнтатар часта дае тлумачэньні новым папраўкам. Гэта старшыня Камітэта дзяржбясьпекі Беларусі Сьцяпан Сухарэнка. 12 сьнежня Лукашэнка падпіша папраўкі, а 20 сьнежня ў дзень утварэньня КДБ, яны ўступяць у сілу.

Калі падсумаваць усё сказанае ім, дык атрымліваецца, што КДБ ужо мае сьпіс зь некалькіх тысячаў чалавек, якія патэнцыйна гатовы парушыць папраўкі ў Крымінальны кодэкс, ці ўжо парушаюць. Першыя затрыманьні Сухарэнка абяцае якраз на сьвята сваёй арганізацыі. А кульмінацыя парушэньняў закону прагназуецца адразу пасьля абвесткі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Каб заблякаваць патэнцыйных рэвалюцыянераў, відаць, іх ізалююць на гэты час.

Навошта? Адказ зразумелы кожнаму слухачу. Па-першае, Лукашэнка ўжо абвясьціў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў: на сустрэчы з расейскімі журналістамі ён паведаміў, што на вёсцы яго рэйтынг 90 адсоткаў, а ў Менску – пад 70. Па-другое, прафэсара Алега Манаева, які рэгулярна праводзіць сацыялягічныя дасьледаваньні і іхныя вынікі даводзць праз газэты, ужо выклікалі ў пракуратуру, дзе прад’явілі прэтэнзію, што Манаеў выступае ад імя зачыненай уладамі арганізацыі. Пра гэта паведаміла газэта „Наша Ніва” за 9 сьнежня. Дзякуй Богу, што арганізацыю з такой жа назваю прафэсар зарэгістраваў у Літве, і да яго цяжка прычапіцца.

І апошняе. Рэклямуючы лукашэнкаўскі лад жыцьця, газэта „Савецкая Беларусія” ва ўкладышу „Саюз” распавяла пра новую моду маладых расейцаў: адпачываць у Беларусі. Аргумэнты знаёмыя. Увечары і ўначы тут можна спакойна гуляць. Адзін з такіх турыстаў мае бацькоў зь Менску, і тыя даводзяць, што ў Менску зараз так спакойна, як у Маскве ў 50 гады!

Што ж, калі нічога ня зьменіцца, расейцы змогуць прыбыць у спэцтур на прэзыдэнцкія выбары й прагуляцца па плошчах і вуліцах, дзе насіўся рэвалюцыйны дух. А можа нават іх разам з расейскімі журналістамі прывязуць да сьценаў турмы, за якімі будуць сядзець патэнцыйныя тэрарысты - парушальнікі спакойных шпацыраў расейцаў.

Цікава, што ўтварэньне адзінай саюзнай дзяржавы мусіць ісьці па шляху уніфікацыі заканадаўстваў. Ці паўтораць расейцы крымінальныя наватарствы беларусаў да выбараў свайго прэзыдэнта?

Уладзімер Падгол