• Cустрэча Пуціна й Лукашэнкі ў Сочы
  • 16.12.2005
Галоўнай палітычнай падзеяй тыдня стала сустрэча Пуціна й Лукашэнкі ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі ў Сочы.

Яна пачалася нечакана для ўсіх. У сераду Пуцін пазваніў прэзыдэнту Беларусі й запрасіў на сустрэчу. Той пагадзіўся. Пуцін ляцеў у сваю рэзыдэнцыю з Навасібірска ўсю ноч.

Увечары ў чацьвер па Беларускім тэлебачаньні паказалі двух прэзыдэнтаў, якія дэманстравалі поўнае паразуменьне па ўсіх пытаньнях. Навошта трэба было абодвум ляцець, як па трывозе, на сустрэчу, стала для журналістаў дэтэктыўным пытаньнем.

Зь цікавых словаў суразмоўцаў адасоблю наступнае. Лукашэнка перад тэлекамэрай заявіў, што мае намер расказаць Пуціну пра тое, што творыцца ў Беларусі вакол прэзыдэнцкіх выбараў. І раптам нечакана дадаў: “І Вы мне абяцалі расказаць, пра тое, што ведаеце...” Гэта прагучала прыкладна так: “Вы мне абяцалі расказаць пра зьвесткі вышай выведкі, якая працуе ў беларускім накірунку”.

Аўральная сустрэча адбылася якраз у той момант, калі Расея высунула Ўкраіне новыя цэны на газ 220 даляраў за куб. Цэлы дзень расейскія СМІ перадавалі гэтую інфармацыю. А перад тэлекамэрай Пуцін пацьвердзіў, што цэны на газ для Беларусі застануцца ранейшымі нізкімі – гэта 46 даляраў.

Такім чынам для выбаршчыкаў Беларусі атрымаўся даволі эфэктны спэктакль: яны ўбачылі, што чакае краіну, у дадзеным выпадку Ўкраіну, якая абрала сабе прэзыдэнта насуперак волі Пуціна й насуперак той жа волі шчэміцца ў НАТА ды Эўразьвяз. Нагадаю, што год таму Пуцін два разы публічна віншаваў Януковіча зь перамогай на выбарах. А з другога боку з Сочы людзі ўбачылі, што чакае краіну, якая шчыміцца ў Саюз з Расеяй.

Насамрэч наўрад ці дзеля спэктаклю зьляталіся два дыктатары. Існуюць паміж імі вострыя супярэчлівасьці, якія ня трэба вычытваць на тварах, а лёгка вычытаць у газэтах.

Так у ва ўкладышу “Саюзнае вече”, які зьмясьціла газэта „Звязда” за 15 сьнежня, утрымліваецца зьмест прэс-канфэрэнцыі Даўгалёва, паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. З усяго пераліку нэгатыву ў адносінах двух краінаў зазначу, што, па-першае, ўступленьне ў Сусьветную гандлёвую асацыяцыю спачатку Расеяй, а потым Беларусьсю: “нэгатыўна адаб'ецца на эканоміцы Саюзу”. Па-другое, Камісія парлямэнцкага сходу Саюзу Расея-Беларусь па бюджэту й фінансах не прыняла дзьве папраўкі Мінфіна Расеі. Гэты праект накіравалі ўва ўрад Расеі, а той зноў шпульнуў гэткі бюджэт у Мінфін да Кудрына, які тыя папраўкі і ўносіў.

Такім чынам Мінфін Расеі стаў на шляху бюджэту Саюзу. Маем вайну Саюзнага парлямэнту й Мінфіна Расеі. І гэта пры тым, што той бюджэт мізэрны, і Саюзнай дзяржавы яшчэ няма.

Далей - больш. Паседжаньне вышэйшага дзяржсавету Саюзу Беларусь-Расея зноў адкладзена аж на другую палову студзеня. Галоўныя прычына – папраўкі ў Канстытуцыйны акт Саюзу, што ўнесьлі людзі Пуціна. Ідэёлягі цьвердзяць, што тыя папраўкі дробязныя. Тады чаму тыя дробязі на месяц адцягваюць прыняцьцё акту? Адзін з мажлівых адказаў я вычытаў у інтэрвію намесьніка дырэктара Інстытута краінаў СНД Уладзіміра Жырыхіна ў тым жа самым “Саюзным вече”:

“Мадэль Саюзнай дзяржавы будзе такой, якая задавальняе ту і другую палітычную эліту.

Журналіст пытаецца: А чаму эліту, а не народ?

Апытаньні паказваюць, што народ гатовы да любой формы супрацоўніцтва, нават на ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі ў якасьці суб’екта фэдэрацыі. Але рэальнаму аб’яднаньню заўжды перашкаджае не народ, а палітычная, эканамічная й бюракратычная эліты да ўчастковага міліцыянта, які муціь зразумець, якія паўнамоцтвы ў Саюзе будуць у яго”.

З гэтых слоў бачна, якія стратэгічныя думкі віруюць у галаве ў расейцаў адносна Беларусі. Пуцін гады два таму ўжо прапаноўваў Лукашэнку уваходзіць у склад Расеі. Думкі гэтыя не адкінутыя. Толькі тактыка зьмянілася. Трымаць на кароткім павадку, набіраючы рэйтынг на танных коштах за энэрганосьбіты. А далей будзе відаць.

Уладзімер Падгол