• “Наша Ніва” ў Бэрліне
  • 19.09.2006
Сьвяткаваньне 100-годзьдзя «Нашай Нівы», якое адзначаецца сёлета, пачнецца з Бэрліна. Урачыстасьць ладзіць Нямецка-беларускае таварыства.

Існаваньне ў неспрыяльнях для разьвіцьця нацыянальнай культуры палітычных умовах сталася прычынай, чаму “Нашу Ніву” беларусы сёньня ня могуць атрымаць у паштовыя скрыні. Як і шмат якія зь недзяржаўных выданьняў, “Наша Ніва” была выкінутая зь дзяржаўных падпісных каталёгаў.

Але газэта трапляе да чытачоў, бо рэдакцыя стварыла складаную сыстэму для распаўсюду.
Першы рэдактар адроджанай у савецкі час “Нашай Нівы” Сяргей Дубавец.

Дубавец: Асаблівасьцю “Нашай Нівы” было тое, што газэта заўсёды выдавалася легальна. Газэта ніколі не была канфармісцкай. Калі зараз ладзіць юбілейную імпрэзу ў Беларусі, дык гэта будзе ўспрынята як апазыцыйная акцыя з удзелам АМАПу.
“Нашу Ніву” добра ведаюць ў Бэрліне. У сталіцу Нямеччыны накіраваўся галоўны рэдактар і сябры газэты.

Вось што сказаў Андрэй Дынько перад самым ад’ездам.

Дынько: Гэта сымбалічна, што сьвяткаваньні юблілею пачынаюцца зь Нямеччыны. Тут добра ведаюць газэту.

Мы зьвязаліся з арганізатарам імпрэзы Інго Пэтцам.

Пэтц: Калі вы займаецеся Беларусьсю, вы ведаеце “Нашу Ніву”. У нас, у пэўных колах, гэта вельмі вядомая газэта. Я даведаўся пра “Нашу Ніву” гадоў 8 таму, бо я часта бываю ў Менску, у Беларусі. У мяне вельмі шмат сяброў там. Вечарыну вырашылі наладзіць у гонар “Нашай Нівы” зь некалькіх прычынаў. Галоўнае, 100-гадовы юбілей. А другая прычына, што немцы мала ведаюць беларускую культуру. Мы хочам паказаць нашым людзям, што гэта такое сучасная беларуская культура. Вырашылі, што гэта добрая ідэя выкарыстаць нагоду юбілей “Нашай Нівы”.

У сераду 20 верасьня ў Літаратурнай майстэрні ў Бэрліне выступяць Андрэй Дынько, Андрэй Хадановіч і Лявон Вольскі. Доктар Райнэр Лінднэр (Фонд навукі й палітыкі) распачне вечар невялікім рэфэратам пра значэньне «Нашай Нівы» для беларускай гісторыі.

А ў пятніцу, 22 верасьня, Лявон Вольскі і Андрэй Хадановіч выступяць у Бэрліне ў кінатэатры Krokodil.

Ганна Гарачка