• Колькі каштуюць вайсковыя базы?
  • 11.01.2007
Колькі можа атрымаць Беларусь, запатрабаваўшы ад Расеі плаціць за яе ваейсковыя аб’екты?

Гэтае пытаньне ўжо падымалася ў 2004 годзе, калі ў лютым Беларусь была пазбаўленая газу. Быцца бы было даручэньне Аляксандра Лукашэнкі, каб падлічылі кошт паслугаў Беларусі ў сфэры садзеяньня расейскай бясьпецы. Называлася сума, калі лічыць разам з вывадам ядзернай зброі, а таксама за арэнду двух вайсковых аб’ектаў, ад 20 да 25 млрд. даляраў. Наколькі гэтая лічба адпавядае рэальнасьці, невядома. Але, паводле назіральнікаў, лічыць няма чаго, бо атрымаць грошы будзе немагчыма.

Ці выкарыстае Лукашэнка “вайсковы аргумэнт” у нафта-газавай спрэчцы?

Журналіст БелаПАН Вячаслаў Будкевіч.

Вячаслаў Будкевіч: Пакуль ціха, і ці выкарыстаюць яго - невядома. Нічога пакуль не адбывалася. Апроч словаў Лукашэнкі аб пераглядзе кошту паслугаў для Расеі ў вайсковай сфэры. Але, я мяркую, што гэтыя грошы Беларусь ня зможа ні запатрабаваць, ні атрымаць. Гэта можа стаць толькі нейкім “нулявым варыянтам”, калі ўзьнікнуць рынкавыя адносіны. Ніхто нам не заплаціць ні за ядзерную зброю, ні за больш чым 10 гадоў эксплюатацыі вайсковых аб’ектаў. Можна дамаўляцца, пачынаючы ад сёньняшняга дня.

Галоўныя рубяжы аховы паветранай прасторы Расеі засталіся ў Беларусі. Радыётэхнічнае забясьпячэньне сыстэмы супрацьпаветранай абароны адсунутае на 600 км. далей ад межаў Расеі. Аэрадромы, на якія могуць прызямляцца ў тым ліку й расейскія стратэгічныя бамбардыроўшчыкі, падтрымліваюцца ў добрым стане. Таксама разьвіваюцца сыстэмы кіраваньня, адбываецца пераўзбраеньне. Гэта каштуе вялікіх грошай. Але з гэтага карыстаюцца й беларускія вайскоўцы.

Вячаслаў Будкевіч: Гэта вельмі сур’ёзна і для Беларусі, і для Расеі. З той самай станцыі “Волга” ў Ганцавічах Беларусь на падставе дамоўленасьцяў 1995 году таксама атрымлівае інфармацыю аб стане паветранай і касьмічнай прасторы. Гэта неабходна ў мэтах уласнай бясьпекі. Прадастаўлены Расеяй ільготны рэжым дазволіў Беларусі праводзіць стрэльбы на расейскіх палігонах, бо ў Беларусі гэта немагчыма з прычыны абмежаванасьці тэрыторыі.

А якія наступствы можа мець патрабаваньне ўвогуле вывесьці расейскія ваенныя аб’екты з тэрыторыі Беларусі?

Палітычны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі: Гэтая гіпатэтычная сытуацыя, на мой погляд, абсалютна нерэальная. Бо расейскае войска будзе сьляпым на эўрапейскім тэатры ваенных дзеяньняў. У гэтай сытуацыі, напэўна, Расея можа паспрабаваць абараніць гэтыя аб'екты нават шляхам зьмены ўлады ў Беларусі. Ня думаю, што нешта падобнае магчымае. Варыянт выгнаньня нават не разглядаецца. Разглядаецца магчымасьць запатрабаваць арэндную плату за аб’екты ў Ганцавічах і Вілейцы. Але, паводле “нулявога варыянту”, які быў заключаны зь Ельцыным, Беларусь адмовілася ад такіх прэтэнзіяў. За гэта былі сьпісаныя вялікія даўгі за газ.

Ужо пасьля "нулявога варыянту" ўзьнікла ідэя агульнай абароннай прасторы “саюзнай дзяржавы” й было падпісана шмат пагадненьняў, паводле якіх, гэтыя аб'екты выкарыстоўваюцца ў агульных інтарэсах і фінансуюцца і Беларусьсю, і Расеяй.

Ганна Гарачка