• Праблемы „Дружбы”
  • Audio0 KB
  • 08.01.2007
Ужо чарговы тыдзень Беларусь мае праблемы з атрыманьнем энўэрганосьбітаў з Расеі.

З 1 студзеня дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім” адмовіўся ад расейскай нафтавай сыравіны, якая пасьля ўвядзеньня расейскім урадам экспартнага мыта 180 даляраў за тону стала занадта дарагой. Беларусь у адказ увяла мыта на транзыт расейскай нафты памерам 45 даляраў за тону.

На працягу двух тыдняў гэта ўжо другі экэнамічны канфлікт паміж Беларусьсю й Расеяй. На гэты раз канфлікт узьнік вакол падзелу паміж бюджэтамі Беларусі й Расеі экспартнага мыта за нафтапрадукты, вырабленыя на беларускіх заводах з расейскай сыравіны.

Ад 1 студзеня Беларусь увяла мыту на транзыт расейскай нафты ў Заходнюю Эўропу. У сваю чаргу Расея не намерваецца плаціць за транзыт, спасылаючыся на парушэньне ўсіх агульнапрынятых нормаў. А Беларусь абвінаваціла расейскі канцэрн „Транснефть” у кантрабандзе нафты праз сваю тэрыторыю.

Пра тое, як пачынаўся гэты канфлікт, распавядае аглядальнік газэты „Беларусы й рынак” Тацьцяна Манёнак, экспэрт у галіне энэргарэсурсаў. Паводле яе, усё пачалося ад пытаньня аб падзеле мытных пошлінаў на нафтапрадукты.

Т. Манёнак: Беларусь стварыла абшырную зону для расейскіх кампаніяў, але расейскі бюджэт нічога не атрымліваў ад продажу нафтапрадуктаў. Па падліках, прыкладна каля 4 мльд. даляраў у год яна траціла на такіх ільготных пастаўках нафты ў Беларусь. Тады была створана двухбаковая камісія, якая вяла перамовы наконт таго, як падзяліць гэты прыбытак. Здавалася, што гэта будзе выглядаць 70 % на 30 % на карысьць Расеі. Але беларускі бок пагадзіўся на такі варыянт пры ўмове, калі будуць аднолькавыя цэны на нафту як у Расеі, так і ў Беларусі.

Паволе эканаміста Яраслава Раманчука, увядзеньне мытных пошлінаў на транзыт расейскай нафты – гэта своеасаблівая помста беларускіх уладаў за павышэньне цэнаў на газ. Спадар Раманчук зазначае, што беларускі бок таксама праігнараваў прапанову Расеі адносна падзелу пошлінаў на нафту.

Я. Раманчук: Упершыню ў сьвеце была праігнараваная міжнародная практыка й былі ўведзеныя такія пошліны на транзытны тавар. Проста няма іншага спосабу, каб збалянсаваць бюджэт. Гэта сьведчыць пра крызыс ды банкруцтва інтэлектуальнага патэнцыялу гэтай улады. Таксама сьведчыць пра пачатак канца эканомікі.

Паволе меркаваньняў Тацьцяны Манёнак, уся праблема ў тым, што двухбаковая камісія проста не дамовілася наконт прапорцыяў транзытных пошлінаў.

Т. Манёнак: Сытуацыя для беларускага боку склалася даволі крытычная, нягледзячы на афіцыйныя заявы, што ў нас дастаткова нафты. Насамрэч, гэтых запасаў для перапрацоўкі хопіць на 3 сутак. Таму, паводле неафіцыйных зьвестак, беларускі бок пачаў адбор нафты з трубаправоду "Дружба" й атрымаў папярэджаньне ад Расеі. Афіцыйна гэтага ніхто не пацьвердзіў. Але на сёньняшні дзень расейская нафта не трапляе ў Беларусь. Сытуацыя абвастрылася й мы бачым гэтага вынікі.

А наступствы недахопу энэрганосьбітаў могуць быць для Беларусі даволі кепскія, - зазначае палітоляг Уладзімер Падгол.

Ул. Падгол: Без энэрганосьбітаў проста "лясьнецца" ўся прамысловасьць ды сельская гаспадарка. Бо дзяржаўная палітыка фундаваньня сельскай гаспадарцы дызпаліва ды бензыну можа прывесьці да таго, што ня будзе на чым араць палі.

Таксама ў выніку гэтага канфлікту праблемы з атрыманьнем расейсакай нафты могуць паявіцца ў іншых краінах, - зьвяртае ўвагу Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Гэта эскаляцыя канфлікту, каб яшчэ раз зьвярнуць на сябе ўвагу й потым атрымаць нейкія козыры ў перамовах ня толькі з Расеяй, але й Эўразьвязам. Лукашэнка баіцца згубіць энэргетычны грант амаль 4 мльд даляраў у год, які дазваляў яму датаваць сельскую гаспадарку, павышаць пэнсіі й заробкі.

Трэба зазначыць, што сёньня ноччу былі спыненыя пастаўкі нафты па нафтаправодзе "Дружба" ў Польшчу й Нямеччыну. Польшча накіравала ліст у Беларусь з просьбай пра тлумачэньні,— паведаміў агенцтву "Reuters" прэсавы сакратар польскага апэратара трубаправодаў PERN Томаш Закшэўскі. Аднак афіцыйны Менск адмаўляецца камэнтаваць спыненьне паставак.

Караліна Русіновіч