• Эўропа пазбаўлена паставак расейскай нафты
  • Audio0 KB
  • 09.01.2007
Невядома, калі будуць узноўленыя пастаўкі расейскай нафты ў Эўропу. Сёньня ў Маскве прадстаўнікі расейскага боку й беларускай урадавай дэлегацыі не дасягнулі кампрамісу.

Нагадаем, ноччу з 7-ага на 8-ага студзеня па нафтаправодзе „Дружба” была спыненая пастаўка нафты ў Польшчу й Нямеччыну. У панядзелак пасьля восьмай гадзіны вечара былі зачыненыя таксама краны на паўднёвым адгалінаваньні „Дружбы”. У выніку спыніліся пастаўкі ў шэсць краін Эўропы – Польшчу, Нямеччыну, Вугоршчыну, Славакію, Чэхію й Украіну.

Расейская кампанія “Транснафта” спыніла пастаўкі, каб перакрыць Беларусі несанкцыянаваны адбор нафты, прызначанай на экспарт на Захад. Непасрэднай прычынай стаў расейска-беларускі канфлікт адносна мытных і транспартных аплатаў за нафту.

Краіны, якія купляюць расейскую нафту, заяўляюць, што маюць запасы “чорнага золата” на некалькі месяцаў: Польшча - на 80 дзён, Славакія – на 70, Вугоршчына – на 90, а Нямеччына – на 130 дзён.

Чэхія зусім не адчувае затрыманьня паставак. Нафта надалей транспартуецца з нафтабазаў у Славакіі. Паводле чэскага Міністэрства прамысловасьці й гандлю, запасаў павінна хапіць на 90-100 дзён, нават калі Расея не адновіць паставак. Але ёсьць яшчэ адна прычына, якая дазваляе чэхам быць спакойнымі, нават калі б затрымка з пастаўкамі нафты з Расеі працягнулася больш за 90 дзён. Чэхія збудавала трубу, якая спалучае іх нафраперапрацоўчыя заводы ў Кралюпах і Літвінаве зь Інгал-штадтам у Баварыі, які, у сваю чаргу, спалучаны з Трыестам на Адрыятыцы ды з портам Фос-Лявэра побач з Марсэлем.

Экспэрты Вугоршчыны, Чэхіі й Славакі стаяць на пазыцыі, што цэнтральная Эўропа павінна прааналізаваць магчымасьці альтэрнатыўных паставак нафты.

Прэм’ер-міністар Яраслаў Качыньскі супакоіў, што Польшчы не пагражае паліўны крызыс, бо нафту можна пастаўляць з Расеі таксама марскім шляхам праз Гданьск. Аднак кіраўнік польскага ўраду падкрэсьлівае, што затрымка паставак па трубаправодзе „Дружба” зьяўляецца сур’ёзнай перасьцярогай. Гэтая сытуацыя павінна схіліць польскіх імпартэраў надалей шукаць альтэрнатыўныя крыніцы забесьпячэньня гэтай сыравінай. Прэм’ер-міністар Качыньскі лічыць, што пытаньне энэргетычнай бясьпекі трэба вырашыць супольна зь іншымі краінамі Эўрапейскага Зьвязу.

Я.Качыньскі: Я спадзяюся, што дакумэнт пра энэргетычную бясьпеку, буйны, на 70 старонак, які мы атрымалі з Эўрапейскай камісіі і ў якім прапануецца супольная энэргетычная палітыка, зьмяшчае таксама адказ на такі сур’ёзны выклік.

Польскі экспэрт Томаш Хмаль таксама лічыць, што Польшча знаходзіцца ў значна лепшай сытуацыі, чым Вугоршына й Славакія.

Т.Хмаль: Калі казаць пра пастаўкі на польскія нафтаперапрацоўчыя заводы, то ў нас ёсьць Нафтапорт, дзякуючы якому адносна проста можна атрымліваць нафту марскім шляхам. У выпадку Славакіі й Вугоршчыны забесьпячэньне мясцовых нафтаперапрацоўчых заводаў можа аказацца намнога больш складаным, чым у выпадку польскіх прадпрыемстваў.

Томаш Хмаль мяркуе, што ў Польшчы не адбудзецца раптоўнага росту цэнаў нафты, аднак ён заўважае, што ў сытуацыі, у якой апынуліся нафтаперапрацоўчыя канцэрны, пастаўшчыкі й пасярэднікі сыравіны могуць павысіць цэны.

Т.Хмаль: Цэны на нафту ў паасобных зьдзелках могуць павялічыцца – гэтага нельга выключыць. У выніку ў недалёкай будучыні павялічацца кошты паставак. Аднак мне хочацца верыць, што фірмы справяцца з гэтай праблемай.

Томаш Хмаль лічыць, што, нягледзячы на ўскладненьні, пастаўкі “чорнага золата” з Расеі ў Польшчу будуць адбывацца.

Т.Хмаль: Можна абмяркоўваць, ці гэтыя пастаўкі бясьпечныя й пэўныя, але, несумненна, сытуацыя найбольш зручная ў тым выпадку, калі ў нас ёсьць магчымасьць простага пераходу з аднаго шляху паставак на іншы. Я маю на ўвазе як нафту, так і газ. У выпадку нафты мы ў большай ступені падпарадкаваныя Расеі, чым у выпадку газу. Расейскія пастаўкі забясьпечваюць 96% польскага запатрабаваньня. Я лічу, што гэтую прапорцыю трэба зьмяніць.

У сваю чаргу нямецкія палітыкі й камэнтатары лічаць, што перакрыцьцё „Дружбы” павінна схіліць Эўразьвяз да больш выніковых намаганьняў з мэтай забясьпячэньня дадатковых крыніцаў сыравіны.

У сёньняшнім нямецкім друку пераважаюць меркаваньні, што падпарадкаваньне Нямеччыны расейскай нафце вельмі вялікае.

Эўрадэпутат Аляксандар Граф Лямбсдорф на старонках „Die Welt” крытыкуе праект Балтыйскага газаправоду, які, паводле яго меркаваньня, зьяўляецца нямецкім, а не агульназьвязаўскім.

Бэрлінская штодзёнка „Der Tagespiegel” піша: „Невядома, хто дакладна нясе адказнасьць у спрэчцы паміж Расеяй і Беларусяй, але няма сумневаў, што Расея становіцца ўсё менш пэўным пастаўшчыком энэргасыравіны, які свае інтарэсы абараняе пры дапамозе агрэсіўнай палітыкі.”

Нямеччына ў год імпартуе 115 млн. тон нафты. Найважнейшымі пастаўшчыкамі на нямецкі рынак зьяўляюцца таксама Нарвэгія, Вялікабрытанія й Лібія.

Яланта Сьмялоўская