• Сьвет пра справу арцыбіскупа Вельгуса
  • Audio0 KB
  • 09.01.2007
Шырокім рэхам адгукнулася справа польскага арцыбіскупа Станіслава Вельгуса, якога Бэнэдыкт XVI найперш прызначыў на пасаду Варшаўскага мітрапаліта і ў дзень інгрэсу, урачыстага прыняцьця пасады, адмяніў сваё рашэньне.


Арцыбіскуп Вельгус, паводле дасьледаваньня касьцельнай гістарычнай камісіі, аказаўся агентам службаў бясьпекі ПНР. Сьвятар доўгі час ніякім чынам не камэнтаваў высноваў, да якіх прыйшлі дасьледчыкі дакумэнтаў, а калі нарэшце пакаяўся, узьнікла агульнае ўражаньне, што ерарх зрабіў гэта няшчыра й пад прымусам. Аднак ён надалей намерваўся прыняць пасаду Варшаўскага мітрапаліта. І толькі раніцою ў нядзелю, калі з Ватыкану прыйшла інфармацыя, што папа рымскі адмяняе прызначэньне арцыбіскупа Вельгуса, сьвятар сам на пачатку ўрачыстасьці падаў у адстаўку.

Такая пазыцыя высокага касьцельнага ерарха падзяліла польскую грамадзкую думку. Разьяднала таксама вернікаў каталіцкай царквы ў Польшчы. Многія пыталі, чаму Бэнэдыкт XVI наогул выбраў арцыбіскупа Вельгуса.

І толькі ў панядзелак прэфэкт кангрэгацыі біскупаў кардынал Джавані Батыста Рэ сказаў штодзёнцы „Corriere della Sera”, што Ватыкан да апошняй хвіліны ня ведаў цэлай праўды пра мінулае арцыбіскупа Станіслава Вельгуса. Нагадаем - прызначэньне адбылося ў лістападзе. Поўную адказнасьць за гэта, паводле прэфэкта кангрэгацыі, нясе сам Станіслаў Вельгус.

Гэтую падзею ў польскай каталіцкай царкве заўважылі СМІ ва ўсім сьвеце.

Нямецкія газэты тэму адстаўкі арцыбіскупа Вельгуса зьмяшчалі на першых старонках. Камэнтатары пісалі пра найбольшы крызыс каталіцкай царквы ў Польшчы ад часоў камунізму. Крытычна ацэньвалі таксама Ватыкан за паводзіны ў гэтай справе.

Паводле "Die Welt”, арцыбіскуп позна раскаяўся, і таму яго словы аб тым, што нікому не пашкодзіў сваім супрацоўніцтвам са службамі бясьпекі, страцілі значэньне.

"Frankfurter Allgemeine Zeitung” пры гэтай нагодзе зьвяртае ўвагу на праблему люстрацыі ў польскай царкве. „Скандалу можна было пазьбегнуць, калі б касьцельныя ўлады самі пацікавіліся дакумэнтамі службаў бясьпекі. Але там ёсьць шмат інфармацыі, пра якую Эпіскапат Польшчы ня хоча ведаць”, – напісала франкфурцкая штодзёнка.

Ангельская газэта "Independent " прыводзіць меркаваньні часткі гісторыкаў, што прыблізна адзін з 10-ці польскіх ксяндзоў супрацоўнічаў з камуністычным рэжымам у Польшчы.

"Guardian” зьвяртае ўвагу, што скандал зь Вельгусам зьяўляецца адначасова фіяскам Ватыкану, які амаль да канца абараняў гэтае прызначэньне. У пэўны момант пачуліся нават словы пра поўны давер для польскага сьвятара.

У газэце "Times " адзначаецца, што палякі, якія з энтузіязмам віталі Ёзэфа Рацынгера на Апостальскім пасадзе, пачынаюць паддаваць сумневам ягоныя здольнасьці правільна ацэньваць сытуацыю.

Бэльгійскія СМІ зьвярнулі ўвагу на пропаведзь прымаса Польшчы кардынала Юзэфа Глемпа пасьля адстаўкі Вельгуса. Кардынал заступіўся за арцыбіскупа й паддаў сумневам дакумэнты й дасьледчыкаў, якія пацьвярджаюць супрацу Вельгуса з камуністычнымі ўладамі Польшчы.

Баўгарскія газэты таксама шырока паведамлялі пра дадзеную падзею. Пераважна падкрэсьлівалася тое, што ў Польшчы, як і ў Чэхіі, Вугоршчыне, Нямеччыне, у адрозьненьне ад Баўгарыі, няма літасьці для былых агентаў. Бо ў Баўгарыі былых агентаў паказваюць нібыта патрыётаў, якім грамадзтва павінна быць удзячным.

А ў Польшчы не сьціхаюць камэнтары ў справе крызысу ў каталіцкай царкве й сумнеўнага аўтарытэту касьцельных ерархаў. Пасьля арцыбіскупа Вельгуса ў адстаўку падаў кракаўскі сьвятар Януш Бяляньскі. З дакумэнтаў Інстытуту нацыянальнай памяці вынікае, што духоўны быў агентам спэцслужбаў.

Палітолягі зьдзіўляюцца паводзінамі касьцельных ерархаў і некаторых каталіцкіх колаў.
Расчараваньня не скрывае Дарыюш Шчыпіньскі, які не разумее заўзятасьці, зь якою духоўныя асобы хаваюцца ад люстрацыі:

Касьцёл паводзіць сябе як установа, якая аказалася ў крызысе й не заўважае, што яна ў гэтым крызысе.

Робэрт Альбэрскі сказаў, што ён не разумее раптоўнага павароту ад падртымкі для люстрацыі з боку каталіцкай радыёстанцыі Радыё Марыя – фанатычнага прыхільніка ачышчэньня грамадзтва ад рэшткаў мінулай эпохі.

Прыхільнікі гэтай станцыі сталі паводзіць сябе так, нібыта люстрацыя стала для іх чымсьці агідным.

Варта дадаць, што калі арцыбіскуп Вельгус падаваў у адстаўку з пасады варшаўскага мітрапаліта, менавіта слухачы Радыё Марыя шчыра за ім заступаліся й абвінялі СМІ ў
няшчасьці іх „пастыра”.

Касьцельная гістарычная камісія, якая дасьледавала мінулае Станіслава Вельгуса, працягвае працу. Атрымала чарговыя заявы ад духоўных асоб з просьбаю праверыць іх мінулае на падставе архіўных дакумэнтаў Інстытуту нацыянальнай памяці.

Яланта Сьмялоўская