• Канец энэргетычнай вайны?
  • Audio0 KB
  • 10.01.2007
Расея прызналася, словамі кіраўніка расейскага Мінпрамэнэрга, што рашэньне пра захоўваньне ільготных тарыфаў на энэрганосьбіты для Беларусі было чыста палітычным. "Гэта сьвядомае палітычнае рашэньне падтрымліваць эканоміку Беларусі й інтэграцыйныя працэсы, а таксама перадвыбарныя баталіі" - заявіў Віктар Хрысьценка.
Цяпер жа, пад націскам прыватных уладальнікаў энэргетычных кампаніяў, а таксама мяркуючы, што Беларусь здольная плаціць за энарганосьбіты па рынкавых цэнах, расейскія ўлады вырашылі адмовіцца ад ільготных ставак на сыравіну - кажа палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

У.Мацкевіч: Расея ўпэўнілася, што субсыдыі ўжо непатрэбныя. Рэжым А.Лукашэнкі будзе існаваць і без такіх субсыдыяў, паколькі ён ужо крэдытаздольны й можа расплачвацца па поўнай цане за газ і нафту, на якіх ён нажываецца. Няма сумненьняў, што беларускі рэжым патрэбны Расеі, але зь іншага боку, па-першае, на расейскія ўлады націскаюць прыватныя ўладальнікі кампаніяў, напрыклад, Газпраму, сярод якіх ня толькі расейцы, але таксамі прадстаўнікі Заходняй Эўропы. Яны хацелі б пераходу на рынкавыя ўмовы разліку.
А па-другое, на Расею націскаюць краіны Эўразьвязу. Яны хацелі б атрымаць ад яе нейкую гарантыю, што яна ня будзе выкарыстоўваць шантажу энэрганосьбітамі адносна меншых дзяржаў Эўразьвязу, якія яшчэ недаўна былі яе сатэлітамі – так было зь Летувою ў 1991 годзе, а нядаўна з Грузіяй ды Ўкраінай. Зьвяз баіцца, што Расея пачне карыстацца падобнымі мэтадамі супраць, напрыклад, Польшчы.

Сапраўды, краіны Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку й Польшча, сур'ёзна занепакоеныя стрыманьнем паставак нафты на Захад празь Беларусь, што адбылося некалькі дзён таму.
Надоечы Эўрапейская камісія заклікала неадкладна ўзнавіць пастаўкі нафты па нафтаправодзе „Дружба” з Расеі ў Заходнюю Эўропу. Брусэль пацьвердзіў, што сыравіна перастала паступаць у Нямеччыну ды Польшчу. Перабоі ў пастаўках назіраюцца таксама ў іншых краінах Эўразьвязу - Славаччыне, Чэхіі ды Вугоршчыне.

Прычынай спыненьня пампоўкі стаў канфлікт паміж Беларусяй ды Расеяй. Беларусь увяла аплату за транзыт нафты па сваёй тэрыторыі. Расея адказала адэкватнымі крокамі. На думку Гжэгажа Грамадзкага з польскай Фундацыі С.Баторыя, цяжка сёньня адназначна сказаць, ці ўмяшальніцтва Эўрапейскай камісіі нейкім чынам паўплывае на вырашэньне канфлікту паміж Расеяй ды Беларусяй. Але Расея павінна лічыцца з Эўразьвязам – заўважае Г.Грамадзкі.


Г.Грамадзкі: Гэта важны сыгнал, што Расея павінна лічыцца з Эўразьвязам - сваім найважнейшым эканамічным партнэрам. Менск таксама павінен зразумець, што нельга дзейнічаць супраць інтарэсаў Зьвязу. Хаця на гэты раз пастаўкі спыніў ня Менск, а расейская кампанія Транснефть. Такі інцыдэнт - спыненьне паставак сыравіны ў Польшчу й далей у Эўропу - ужо ня першы. Але трэба заўважыць, што ў выпадку Польшчы назіраецца вялікая розьніца паміж пастаўкамі нафты ды газу. У краіне практычна няма іншых крыніцаў паставак газу, чым з Расеі. Польскі ўрад павінен вельмі сур'ёзна задумацца пра пошук іншых магчымасьцяў імпарту газу. А нафту мы можам купляць у іншых краінах, паколькі ёсьць партовы тэрмінал у Гданьску, які можа прымаць нафту з танкераў. Але цана на такую нафту будзе вышэйшая, чым на расейскую. А два нашы нафтаперапрацоўчыя заводы лепш прыстасаваныя да перапрацоўкі расейскай нафты, чым сыравіны зь іншых рэгіёнаў сьвету.

Як можа закончыцца канфлікт, зьвязаны з пастаўкамі сыравіны з Расеі? На думку эканаміста Станіслава Гусака, беларускі й расейскі бакі неўзабаве знойдуць кампраміс.

С.Гусак: Ёсьць адна магчымасьць – паліва павінна ісьці ў Эўропу, там ніхто не дазволіць проста спыніць пастаўкі. Але зь іншага боку – упёртая Расея й ўпёртая Беларусь. На маю думку, будзе знойдзены кампраміс, які задавальняе абодва бакі. Магчыма, Беларусь адменіць альбо панізіць плату за транзыт нафты, а Расея павысіць квоты пастаўкі нафты ў Беларусь – згодна з раней падпісанай дамовай.

Як стала вядома ўжо пасьля размовы з нашымі экспэртамі, расейскі й беларускі бакі дамовіліся аб „нулявым варыянце” – Расея ўзнаўляе пастаўкі нафты ў Эўропу, а Беларусь адмянае плату за транзыт сыравіны.

Натальля Грышкевіч