• Чарговы кангрэс
  • 06.01.2007
Беларуская апазыцыя рыхтуецца да Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Рашэньне аб правядзеньні наступнага кангрэсу было прынятае ў Кіеве на канфэрэнцыі рэгіянальных кааліцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

На сёньняшні момант няма адзінага погляду на стратэгію.

Намесьнік старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксей Кароль.

Кароль: Ёсьць дзьве мадэлі. Дэцэнтралізаваная мадэль дэмакратычных сілаў для выпрацоўкі сцэнара дзеяньняў. І пэрсаніфікаваная, замкнёная на адным лідэры - гэта прапанова сп. Мілінкевіча. Я лічу, што гэта схема згубная. Па гэтым пытаньні вядзецца дыскусія. Трэба выпрацоўваць сцэнар дзеяньняў. Прапануецца схема старшынства на ўзор Эўразьвязу. Найбольш буйныя палітычныя сілы й фракцыі павінны мець пачарговае старшынства. Мілінкевіч застаецца са сваім патэнцыялам. Мілінкевіч можа старшыняваць ад фракцыі, неабавязкова партыйнай, якая будзе ўтвораная. Гэта ІІІ сэктар. Яны ж мелі на тым кангрэсе пэўны пакет галасоў. І аказалася, што большы пакет. Знайсьці пагадненьне можна, калі не імкнуцца ствараць яшчэ адну вэртыкаль - дэмакратычную вэртыкаль.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч без аптымізму глядзіць на кангрэс як на мерапрыемства, што ператварылася ўжо ў традыцыйнае.

Мацкевіч: Калос на гліняных нагах. На сёньняшні дзень уражаньне ад апазыцыі складаецца зь вярхушкі. На кангрэс зьбяруцца ўсе лідэры. А як будуць зьбірацца і каго прадстаўляць астатнія, гэтае пытаньне нявырашанае. Бо ні на адным кангрэсе не вырашаліся прынцыповыя пытаньні. Вось кангрэсы й ператварылія ў традыцыйныя. Кангрэсы, якія сталі адбывацца штогод, дэкляруюцца як лёсавызначальныя. Аналёгіі ўзьнікаюць зь дзеяньнямі ўлады. Але цяпер ні ва ўладзе, ні ў апазыцыі няма пэрспэктыўных стратэгічных ідэяў. Вымучаныя абмеркаваньні, сустрэчы, на якіх людзі пераконваюць адзін аднаго, што ўсё добра. Але ўсе бачаць, што ўсё кепска. Беларусь застаецца аб’ектам палітыкі, а не суб’ектам. Гэты погляд на Беларусь пануе і ў Расеі, і ў Нямеччыне. І толькі краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, што змагаліся за незалежнасьць, разумеюць нас. Але вымушаныя існаваць паміж магутнымі палюсамі як Нямеччына й Расея.

Ганна Гарачка