• Грошы трэба пільнаваць
  • 08.01.2007
За газавым і нафтавым канфліктам Беларусі й Расеі грамадзяне сочаць з уласных інтарэсаў. Пагроза інфляцыі трымае беларусаў у напружаньні.

За той час, калі беларуская эканоміка напампоўвалася нафтадалярамі, беларусы пасьпелі назапасіць на рахунках грошы, такім чынам уклады грамадзянаў у банках ёсьць. Што й пацьвяржае былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі, доктар эканамічных навук Станіслаў Багданкевіч.

Багданкевіч: Ёсьць, і немалыя. Трэба быць пільнымі. Але я ня думаю, што ў бліжэйшыя месяцы можна чакаць абвалу. Мяркую, што беларускі рубель дастаткова ўстойлівы. Нацыянальны банк мае рэзэрвы на 1.5 млрд. даляраў. Мінулагодні бюджэт быў выкананы з прэфіцытам. Назапашаны фонд разьвіцьця амаль 600 мільёнаў. Таму наступствы павышэньня коштаў на нафту й газ будуць, але паступовыя. Праблемы могуць пачацца недзе пад канец году. Калі ўрад ня знойдзе нейкіх шляхоў рашэньня гэтых праблемаў. Але ў першым паўгодьдзі я ня бачу, каб быў нейкі абвал.

Станіслаў Багданкевіч лічыць, што сьпяшацца забіраць рублёвыя ўклады з банкаў ня варта.

Але прыкладна праз год можна чакаць скарачэньня кошту ўкладаў, таксама магчымая інфляцыя й дэвальвацыя беларускага рубля. Прадказаць, ці адбудзецца гэта, насамрэч, немагчыма, бо гэта залежыць ад шматлікіх фактараў.

У першую чаргу на фінансы будуць уплываць падзеі ня столькі на газавым, колькі на нафтавым рынку. У дадатак, калі Эўропа адмовіцца ад прэфэрэнцыяў па калію й тэкстылю, дык 2008 год ужо прагназуецца як год эканамічнага ўпадку.

А 2007 год, паводле Станіслава Багданкевіча, цалкам можна пражыць на амартызатарах, якіх можа хапіць прыкладна на год.

Ганна Гарачка