• Цукровая праблема
  • 03.01.2007
З 29 сьнежня Расея прыпыніла экспарт цукру зь Беларусі. Расейскі ўрад падазрае Беларусь у незаконных пастаўках.

Расея спыніла мытнае афармленьне вагонаў з цукрам, які пастаўляецца зь Беларусі. "Пастаўкі беларускага цукру на расейскі рынак прыпыненыя", - пра гэта заявіў на прэсавай канфэрэнцыі старшыня канцэрну "Белдзяржхарчпрам". Паводле ягоных словаў, расейскія мытныя службы выконваюць чыйсьці заказ, каб паставіць пад кантроль увоз цукру зь Беларусі. Беларускі бок мае вялікія выдаткі. Страты складаюць каля 2 млн. даляраў.

Яраслаў Раманчук: Беларускага цукру багата, буракі ўрадзілі. Але Расея адмаўляецца купляць яго ў тых колькасьцях, якія мы прапаноўваем. У 2005-2006 годзе Беларусь вывезла ў Расею больш цукру з буракоў, чым было выраблена. Гэта быў падман, парушэньне дамоўленасьцяў. Імпарт цукру з трэціх краінаў абкладаецца мытам у памеры больш за 100 даляраў за тону. Затрыманыя амаль 400 вагонаў з цукрам на мяжы з Расеяй, якая перастала давяраць Беларусі. Цукровыя беларускія заводы апынуліся ў вельмі складаным становішчы.

З пачаткам паставак цукру з сыравіны новага ўраджаю ў 2006 годзе на мяжы быў уведзены рэжым мытнага дэкляраваньня. Спачатку правяраліся паасобныя вагоны, потым умовы сталі больш жорсткімі. А з 1 лістапада ў адносінах беларускага цукру быў уведзены рэжым, які прымяняецца да самай жорсткай кантрабанды. Увесь цукар выгружаецца й правяраецца. У выніку праз мытны склад пачало праходзіць толькі па 5 вагонаў цукру.

Паводле старшыні канцэрну "Белдзяржхарчпрам", было абсьледавана больш за 550 вагонаў, але не было выяўлена, што цукар не з буракоў.

Яраслаў Раманчук: Даверу паміж краінамі няма. Цукар якраз і паказаў, што мытнага зьвязу не існуе, бо не было б такіх мераў рэгуляваньня й блакіроўкі тавараў. Мытны саюз выкарыстоўваецца рознымі палітычнымі групоўкамі. Няма нічога агульнага з эўрапейскім цывілізаваным рынкам. Дамовіліся пра адно, а робяць зусім іншае.

Беларусь традыцыйна экспартуе ў Расею 350-400 тысяч тон цукру з уласнай сыравіны - цукровых буракоў. На гэты цукар не распаўсюджваецца мыта імпартаванага з трэціх краінаў цукру. Адкуль на беларускія заводы прывозяць цукровы трысьнёг?

Яраслаў Раманчук: З Бразіліі, з Кубы... у Беларусі перапрацоўвалі трысьнёг, прывезены з гэтых краінаў. Гэта эканамічна выгодныя рэчы. Расейцы абурыліся падманам і пачалі абараняць свой рынак. Бунт падняло цукровае лёбі ў Расеі, якое траціць пазыцыі на сваім рынку. Гэтак было з цыгарэтамі й сьпіртам у 1995-96г.г.

У сувязі з абмежавальнымі мерамі Беларусь ужо зьнізіла экспарт цукру ў Расею з 400 тыс. тон у 2005 годзе да 240 тыс. тон у 2006.

Ганна Гарачка