• За агітацыю ў пастарунак
  • 11.01.2007
Кандыдаты на дэпутатаў у мясцовыя саветы ня могуць карыстацца роўнымі правамі, замацаванымі ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўчора быў затрыманы міліцыяй два разы.

Анатоль Лябедзька: За тое, што я раздаваў Праграму рэгіянальнага разьвіцьця там, дзе ёсьць выбаршчыкі, а ня там, дзе павінен паводле сп.Ярмошынай. Там, дзе мне дазволена, на плошчы Бангалёр, можна сустрэць толькі нешматлікіх людзей, якія вывелі сабак. Быў складзены пратакол па артыкуле 172 КаАП – распаўсюджваньне друкаванай прадукцыі, зьмест якой накіраваны на прычыненьне шкоды дзяржаўнаму й грамадзкаму парадку ды законным інтарэсам грамадзянаў. Праграма рэгіянальнага развіцьця АГП была канфіскаваная міліцыяй.

А ўвечары намесьнік дырэктара тралейбуснага парку Васіль Шрубок не пусьціў у інтэрнат, заявіўшы, што мы ня маем там права раздаваць агітацыйную прадукцыю. У гэтым жа будынку знаходзіцца ўчастак выбарчай камісіі, сябры якой пацьвердзілі, што да 13 студзеня кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў маюць права праводзіць агітацыю. Але была выклікана міліцыя.

У пункт аховы правапарадку Савецкага РУУС мы трапілі другі раз запар. Далі тлумачэньні й напісалі заяву на імя начальніка Савецкага РУУС, дзе адзначылі, што намесьнік дырэктара тралейбуснага парку Васіль Шрубок перашкодзіў ажыцьцяўленьню правоў, прадугледжаных Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Ганна Гарачка