• Канстанцін Лукашоў пад вартаю
  • 04.01.2007
Канстанціну Лукашову – брату Вячаслава Сіўчыка – прад’яўленае абвінавачваньне ў супраціўленьні работнікам міліцыі.

Канстанціну Лукашову інкрымінуецца наезд на аўтамабілі на супрацоўніка міліцыі, быццам бы зьдзейсьнены 29 сакавіка, калі сп. Лукашоў забіраў свайго брата Вячаслава Сіўчыка зь менскай лякарні, дзе той знаходзіўся з прычыны чэрапна-мазгавой траўмы.

Канстанцін Лукашоў знаходзіцца пад вартаю.

Вячаслаў Сіўчык: Ён знаходзіцца на Валадарцы, у СІЗа №1 Менгарвыканкаму. Знаходзіцца там абсалютна незаконна. Гэта чыста палітычная справа. Усё высмактана з пальца.

Сам Вячаславаў Сіўчык трапіў у лякарню, таму што быў зьбіты пасьля затрыманьня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Вячаслаў Сіўчык: Я быў выцягнуты з плошчы й захоплены невядомай групай. Мяркую, гэта былі расейскія спэцслужбы. Імітавалі расстрэл, потым я быў дастаўлены ў шпіталь, дзе мне быў пастаўлены дыягназ – побытавая чэрапна-мазгавая траўма. 29 сакавіка ў зьвязку з тым, што шпіталь быў перапоўнены, мяне выпісалі. Два чалавекі бандыцкага выгляду, апранутыя ня ў форму, спрабавалі мяне затрымаць. Гэтага яны не змаглі зрабіць, бо прысутнічалі два дзясяткі журналістаў. Я сеў на машыну й паехаеў.

Сярод прысутных журналістаў, што бачылі, як разгорталіся падзеі каля менскага шпіталю, быў Паўлюк Быкоўскі. Ён расказвае пра Канстанціна Лукашова.

Паўлюк Быкоўскі: Ён ня быў гучнаю асобаю, але ўдзельнічаў у кампаніі яшчэ папярэдніх парлямэнцкіх выбараў. Працаваў у Акадэміі навук. 29 сакавіка за машынаю Канстанціна Лукашова, у якой быў яго брат Вячаслаў Сіўчык, пагнаўся міліцыянт. Ён вярнуўся увесь у гразі, відаць, упаў у лужыну. Бо я не ўяўляю, як машына, якая ехала наперад, магла здзейсьніць наезд на чалавека заднім ходам. Людзі, якія затрымлівалі Сіўчыка, ня мелі на руках аніякае паперы, якая б санкцыянавала іх дзеяньні.

Вячаслаў Сіўчык: Майму брату інкрымінуецца, што ён нападаў на гэтага бандыта. Гэта няпраўда. Таксама няпраўда, што быў зьдзейсьнены наезд. 30 жніўня ўзбуджаная крымінальная справа. 27 лістапада прымаецца рашэньне арыштаваць Канстанціна. Падстава тая, што быццам бы ён хаваецца ад сьледства. Але карныя ворганы ведалі, дзе ён працуе. Дачакаліся 19 сьнежня, калі ў нашай мамы юбілей 65 гадоў, забралі яго й зачынілі на Валадарку.

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч выступіў з заяваю ў абарону грамадзкага актывіста Канстанціна Лукашова.

Прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка.

Павал Мажэйка: Гэта заява выключна лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Мы разумеем, што нельга зацягваць. Зьбіраць палітраду, кансультавацца. Гэта вельмі пільная справа, бо чалавека могуць кінуць за краты на 6 гадоў ні за што. За палітычныя перакананьні. І таму была прынятая заява. Такі першы крок, які выкліча рэакцыю іншых сілаў.

Як адзначае Аляксандар Мілінкевіч, Канстанцін Лукашоў стаў першым палітзьняволеным пасьля таго, як у лістападзе 2006 году Эўразьвяз прапанаваў Беларусі новую стратэгію супрацоўніцтва.

Адной з умовай паляпшэньня кантактаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю зьяўляецца вызваленье ўсіх палітзьняволеных.

Ганна Гарачка