• КХП БНФ: „Расея пагражае сувэрэнітэту Беларусі”
  • Audio0 KB
  • 29.12.2006
Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ прыняла заяву „Аб пагрозе сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі”.

Прыняцьцё заявы зьвязанае з парушэньнем Расеяй трэцяга пункту Будапэшцкага мэмарандуму з 1994 году, падпісанага Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікабрытаніяй і Расейскай Фэдэрацыяй. Ва ўзгаданым трэцім пункце напісана, што краіны – падпісанты ня будуць выкарыстоўваць эканамічны ціск на Беларусь з мэтай падпарадкаваньня гэтай краіны сабе.

Партыя КХП БНФ патрабуе „прывядзеньня кансультацыяў трох краінаў аб парушэньні Расеяй прынятых абавязацельстваў і аб пагрозе дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі,” – кажа старшыня партыі КХП БНФ Зянон Пазьняк.

З. Пазьняк: Сутнасьць заключаецца ў тым, што ў 1994 годзе, калі Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі, то яна запатрабавала гарантыю сувэрэнітэту. ЗША, Вялікабрытанія й Расея забавязаліся гарантаваць сувэрэнітэт Беларусі, калі ён будзе пад пагрозаю.

У пункце трэцім запісана: “ЗША, РФ, Злучанае Каралеўства пацьвярджаюць іхныя абавязацельствы да Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з прынцыпамі заключанага акту АБСЭ, не прыбягаць да эканамічнага ціску з мэтай падпарадкаваць сваім інтарэсам выкарыстаньне Рэспублікай Беларусь яе правоў, неад’емных ад яе суверэнітэту, а таксама не забясьпечваць сабе перавагі якога-колечы кшталту.”

Такім чынам, эканамічная агрэсія й газавы шантаж з боку Расеі мае пад сабою палітычную падаплёку. І аб гэтым адкрыта гаворыць Пуцін і іншыя расейскія палітыкі. Расея хоча пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту. У сувязі з гэтым мы прынялі заяву, згодна зь якой краіны-гаранты нашага сувэрэнітэту, згодна пункту 6 Мэмарандуму, павінны правесьці кансультацыі аб далейшых дзеяньнях. А фактычна ЗША й Вялікабрытанія павінны прыняць дзеяньні па абароне нашага сувэрэнітэту. Паколькі гэта ціск эканамічнака кшталту, а за ім стаяць палітычныя справы.

У гэтым сутнасьць нашай заявы, якая юрыдычна й палітычна вывераная. У дадзеным выпадку мы спадзяемся, што яна не застанецца без адказу, інакш справа будзе вырашацца беларускім народам.


Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі лічыць, што ЗША й Вялікабрытанія могуць прыняць канкрэтныя крокі ў дачыненьні да Расеі.

Ю. Беленькі: Расея ўжо даўно імкнецца далучыцца да Ўсясьветнай арганізацыі гандлю. У гэтым пытаньні вялікі аўтарытэт мае ЗША. Расея заяўляе, што яна прызнае ўсе прынцыпы дэмакратыі, прынцыпы дзейнасьці гэтай арганізацыі, і гэта павінна быць падставаю яе далучэньня да Ўсясьветнай арганізацыі гандлю. Але адначасова яна выкарыстоўвае эканамічную зброю для ліквідацыі сувэрэнітэту іншай дзяржавы. Гэта супярэчыць адно аднаму. Таму дэмакратычныя краіны павінны паставіць Расеі пытаньне: „Як у такіх умовах мы можам вас прыняць?”. Гэта толькі адзін прыклад, але падобных фактаў ёсьць цэлае мноства.

Заяву Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ падпісалі Зянон Пазьняк, намесьнікі старшыні Юры Беленькі й Сяргей Папкоў. Дакумэнт дасланы прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу, прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Тоні Блэру й расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну.

Алена Пытэль