• Зьмены ў Эўразьвязе
  • 02.01.2007
Першага студзеня Нямеччына прыняла кіраўніцтва Эўразьвязу. Ангела Мэркель заявіла, што асноўнымі заданьнямі прэзыдэнцтва Нямеччыны зьяўляецца выпрацоўка супольнай энэргетычнай палітыкі Эўразьвязу й прыняцьцё Канстытуцыйнага акту.

Экспэрты згодна кажуць, што Нямеччыну чакае многа працы й дыпляматычных высілкаў. У першай чарзе новы старшыня ЭЗ будзе імкнуцца вырашыць спрэчку паміж Польшчай і Расеяй у справе расейскага эмбарга на польскае мяса, каб потым пачаць перамовы з Расеяй аб партнэртстве й супрацоўніцтве, якія Польшча заблякавала.

Пётр Качыньскі зь Інстытуту грамадзкіх справаў лічыць, што не ад немцаў залежыць тое, ці спрэчку ўдасца вырашыць, ці не.

П.Качыньскі: Немцы прынялі такі выклік. Ім будзе залежаць на тым, каб давесьці да кансэнсусу, але ў іх няма магчымасьці прымусіць палякаў альбо расейцаў закончыць канфлікт. Нямеччына зьяўляецца пасярэднікам паміж Польшчай і Расеяй, але яна сама аб гэтым ня зможа вырашыць.

Паводле меркаваньня Славаміра Дэмбскага з Польскага інстытыту міжнародных справаў, немцы прыкладуць усе намаганьні, каб завершыць „мясны канфлікт” паміж Польшчай і Расеяй.

С. Дэмбскі: Трэба зычыць нямецкай дыпляматыі зручнасьці, каб удалося давесьці да кампрамісу ўнутры Зьвязу, а таксама паміж Польшчай і Расеяй. Таму што ўсе чальцоўскія краіны, у тым ліку й Польшча, зацікаўленыя ў тым, каб паразуменьне паміж ЭЗ і Расеяй пацьвердзіла значэньне гэтых абодвух партнэраў у сьвеце.

У чэрвені Нямеччына павінна пазнаёміць з рапартам на тэму палітыкі суседзтва. Віцэ-міністар замежнцых справаў Павал Коваль кажа, што Польшча й Нямеччына маюць падобнае ўяўленьне, як такая палітыка павінна выглядаць.

П.Коваль: Мы хацелі б, каб на супрацоўніцтва ЭЗ з Усходам было адпаведна больш сродкаў, чым дагэтуль. Каб палітыка суседзтва грунтавалася на канкрэтных плянах дзеяньня адносна канкрэтных дзяржаваў, каб празь нейкі час гэтыя дзеяньні можна было ацаніць. Толькі ў такіх умовах можна казаць, у якой ступені гэтыя краіны набліжаюцца да ЭЗ. Трэцяя частка – гэта адпаведныя ўстановы, якія будуць дапамагаць разьмяркоўваць сродкі. І па гэтых пунктах успрыманьня палітыкі суседзтва ЭЗ у выпадку Польшчы й Нямеччыны вельмі блізкія.

Падчас нямецкага прэзыдэнцтва будзе вяртацца праблема рэформы эўрапейскай супольнасьці й будучыня Канстытуцыйнага акту, які прынялі Францыя й Галяндыя.

Посьпехаў нямецкаму прэзыдэнцтву жадае Пётр Адамскі з Польскага інстытуту міжнародных справаў. Ён аднак мяркуе, што Нямеччына ўзяла на сябе надта многа.

П.Адамскі: Гартаючы пакуль рабочы плян нямецкага прэзыдэнцтва, бо афіцыйны будзе прадстаўлены 17 студзеня ў Эўрапейскім парлямэнце, трэба сказаць, што, у прынцыпе, няма пытаньняў, пра якія Нямеччына забылася. Называецца, напрыклад, змаганьне з эўрапейскай бюракратыяй, змаганьне за тое, каб карпарацыі сотавай сувязі панізілі аплаты за ромінг. Гэта таксама супрацоўніцтва з Расеяй і замацаваньне эўрапейскай палітыкі суседзтва.

Пасьля Нямеччыны праз паўгоду старшынства ЭЗ пяройме Партугалія.

1 студзеня адбылася яшчэ адна зьмена ў Эўразьвязе. Групу чальцоў ЭЗ павялічылі Румынія й Баўгарыя.

Мацей Навакоўскі – экспэрт Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў лічыць, што Румынія й Баўгарыя даволі добра падрыхтаваныя, асабліва ў эканамічнаным пляне, да ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз.

М. Навакоўскі: Калі паглядзім на эканамічныя рэформы, якія адбыліся ў гэтых краінах за апошнія некалькі гадоў, то можна сьмела сказаць, што гэтыя краіны заслужылі на ўступленьне ў Зьвяз. Праблемай застаецца, напрыклад, карупцыя, на што Эўразьвяз пастаянна зьвяртаў увагу.

Толькі 41% жыхароў ЭЗ прыхільна ставяцца да прыняцьця Баўгарыі й Румыніі. Астатнія перш за ўсё баяцца наплыву танных працаўнікоў. Свой рынак працы для новых чальцоў адчынілі толькі дзьве сярод найбагацейшых краін супольнасьці: Швэцыя й Фінляндыя. Мацей Навакоўскі лічыць, што Польшчы, якая таксама гатовая прымаць працаўнікоў з Баўгарыі й Румыніі, не пагражае масавы паток рабочай сілы з Балканаў. Гэта пацьвярджаюць сацыялягічныя апытаньні.

М.Навакоўскі: Паводле апытаньняў, праведзеных у Румыніі й Баўгарыі, жыхарам гэтых краін найбольш цікавыя краіны паўднёвай Эўропы: Гішпанія, Італія, Грэцыя. І таму трэба чакаць наплыву працаўнікоў у тых напрамках.

Пра адсутнасьць якіх-колечы абмежаваньняў у дачыненьні да баўгараў і румынаў заявіла большасьць нядаўна прынятых краін ЭЗ, у тым ліку й Польшча.

Разам з надыходам новага году пашырыўся таксама абшар зоны эўра. Чарговай краінай, якя прыняла супольную эўразьвязаўскую валюту, зьяўляецца Славэнія.

Амбасадар Славэніі ў Польшчы Ёсэф Драфэнік паведаміў, што цяперашняя валюта Славэніі толар цягам першых пятнаццаці дзён будзе раўнапраўнай з эўра. Амбасадар Драфэнік сказаў, што ад сакавіка 2006, каб прадухіліць інфляцыю ў краіне, уведзена абавязак падаваць дзьве цаны тавараў – у толарах і эўра.

Амбасадар Славэніі падкрэсьліў значэньне інфармацыйнай кампаніі, праведзенай у сувязі зь пераходам на эўра. З выказваньня Драфэніка вынікае, што 80% славэнцаў лічыць сябе добра паінфармаванымі ў справе эўра.

Ё. Драфэнік: Кожная сям’я ў Славэніі атрымала малы калькулятар, каб пералічаць толары на эўра і эўра на толары. Гэта павінна было паспрыяць таму, каб людзі адчулі сябе спакайнейшымі й лепш падрыхтаванымі да прыняцьця эўра.
Славэнія ўвяла вялікія штрафы за акругленьне цэнаў уверх. Дзякуючы ўваходу ў зону эўра, Любляна імкнецца павялічыць канкурэнтназдольнасьць сваёй гаспадаркі й прывабіць замежных турыстаў. Славэнія, прымаючы эўра, пазбаўляецца коштаў абмену валюты й атрымалівае доступ да больш танных крэдытаў.

1 эўра каштуе 239 толараў. Славэнія налічвае 2 мільёны жыхароў.