• Дарагія энэрганосьбіты
  • 02.01.2007
Кошты расейскага газу падвышаныя для Беларусі больш чым у два разы. Падаражэла й нафта з прычыны ўвядзеньня новага мыта. Як будзе функцыянаваць беларуская эканоміка ў новых умовах? Незалежныя эканамісты прагназуюць абвал.

За газ цяпер давядзецца плаціць па 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. На такія кошты Расея й Беларусь пагадзіліся пасьля доўгіх перамоваў, цягам якіх абодва бакі “дзялілі” прадпрыемства “Белтрангаз”. У рэшце рэшт “Газпрам” быццам бы дасягнуў сваёй мэты. “Белтрансгаз” будзе сумесным расейска-беларускім прадпрыемствам. А беларусы сёлета атрымаюць хоць і больш дарагі, але ўсё яшчэ танны газ.

У 2008 годзе цана на газ для Беларусі складзе ўжо 67 % ад цаны на эўрапейскім рынку, 2009 годзе – 80 %, у 2010-м – 90 %, а ў 2011 годзе – 100 %.

Тым часам вырасьце й стаўка транзыту па сетках "Белтрансгазу" з $0,75 да $1,45 за транспартаваньне тысячы кубамэтраў на 100 км.

Прынятыя рашэньні – параза або перамога Беларусі?

Яраслаў Раманчук: З аднаго боку, гэта параза, зь іншага боку – дасягненьне. Продаж “Белтрансгазу”, безумоўна, параза. Гэта зьдзелка будзе пераглядацца, бо яе заключылі ў горшых традыцыях расейскай прыватызацыі. Не было тэндэру, міжнародных назіральнікаў. Умова была падпісаная пад націскам. Лукашэнка ня вельмі пагодзіцца, каб перадаць “Газпраму” 50% акцыяў. Але 100 даляраў за газ – гэта самы танны кошт з усіх краінаў СНД. Расея зрабіла вялікую саступку Беларусі. Беларусь не павінна ўспрымаць гэта як паразу. Урад беларускі хацеў бы мець цану як для расейскіх рэгіёнаў, але захаваць сувэрэнітэт. Расея пагадзілася на той парадак, у якім будзе расьці кошт на газ, маючы на ўвазе рэакцыю краінаў Эўразьвязу. Эўразьвяз быў такім маўклівым партнэрам у перамовах паміж Расеяй і Беларусьсю. Урэшце, я думаю, Беларусь пачне злазіць з гэтага таннага газавага наркотыку. І гэта будзе моцным стымулам для рэформаў.

За 50 % акцыяў "Белтрансгазу" расейскі канцэрн “Газпрам” павінен заплаціць $2,5 млрд грашыма з растэрміноўкай на чатыры гады. Каму ў гэты пэрыяд будзе належаць прадпрыемства?

Яраслаў Раманчук: Права ўласнасьці будзе пераходзіць “Газпраму” па меры таго, як ён будзе плаціць грошы. У Беларусі няма мэханізмаў, каб шанаваць правы акцыянэра. Да 2010 году прысутнасьць “Газпраму” ў “Белтрансгазе” будзе намінальнай. Беларускі бок будзе рабіць усё, каб не дапусьціць “Газпраму” да кіраўніцтва.

Новыя кошты на нафту ў сувязі з увядзеньнем урадам Расеі экспартнага мыта – 180 даляраў за тону – мелі вынікам тое, што “Белнафтахім” адмовілася ад расейскай нафты. Цягам студзеня раней прынятыя нафтавыя пагадненьні павінны быць перагледжаныя. Нічога добрага беларускую эканоміку й грамадзянаў бліжэйшым часам не чакае. Калі спыняюцца два найбуйнейшыя нафтаперапрацоўчыя беларускія гіганты, бяз працы застанецца 125 тысяч чалавек.

Яраслаў Раманчук: Сытуацыя з нафтаю больш складаная. Пытаньне з газам было больш палітызаванае, больш гучнае. А пытаньне з нафтаю прымусіць да рэвізіі бюджэту ўжо ў студзені. Таксама да рэвізіі інвэстыцыйных праграмаў. Беларусь ужо страціла амаль 2 з паловаю млрд. даляраў. Відаць, непазьбежная дэвальвацыя беларускага рубля.

Экспэрты лічаць, што ў выніку зьніжэньня экспартных паступленьняў ад продажу нафтапрадуктаў можа зьменшыцца дынаміка вытворчасьці ў краіне, паменшацца аб’ёмы вытворчасьці. То бок узьнікне эфэкт даміно, які можна назваць абвалам.

Ганна Гарачка