• Год беларускай мовы
  • 03.01.2007
"Таварыства беларускай мовы" прыкладае намаганьні, каб абвесьціць 2007 год годам беларускай мовы. Грамадзкая арганізацыя ставіць перад сабою шэраг мэтаў, якія, як лічыць старшыня ТБМ Алег Трусаў, павінны спрыяць разьвіцьцю й пашырэньню беларускай мовы.

Алег Трусаў: Ідэя ўзьнікла ў кастрычніку мінулага году, падштурхнулі нас да яе суседзі. Уладзімір Пуцін прапанваў абвесьціць 2007 год годам расейскай мовы, што ён і зрабіў сваім указам. А Беларусь мае нагоду - 125-гадовыя юбілеі Янкі Купалы й Якуба Коласа.

Галоўная задача 2007 году для "Таварыства беларускай мовы” - вяртаньне ў расейскамоўныя школы выкладаньня гісторыі й геаграфіі Беларусі на беларускай мове. А таксама важнымі задачамі ТБМ застаюцца: аднаўленьне беларускай мовы ў адукацыйных стандартах ВНУ, вяртаньне выкладаньня курсу “Беларусазнаўства” ва ўсе ВНУ й сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы.

Апроч таго, будзе працягнутая праца па стварэньні Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту. Сябры ТБМ зьбіраюць подпісы грамадзянаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы з просьбай адчыніць такую ВНУ.

ТБМ прапануе ўнесьці дапаўненьні й зьмены ў закон аб мовах для таго, каб забясьпечыць беларускай мове сапраўдны статус дзяржаўнай. Мяркуецца яшчэ раз накіраваць зварот у Палату прадстаўнікоў.

Ганна Гарачка