• Новы генэральны сакратар ААН
  • 03.01.2007
З учарашняга дня Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў мае новага генэральнага сакратара.


Учора былы міністар замежных спраў Паўднёвай Карэі Бан Кі Мун упершыню паявіўся ў сядзібе ААН у сваёй новай функцыі.

Новы кіраўнік ААН заявіў, што пастараецца адбудаваць рэпутацыю арганізацыі як эфэктыўнага воргана. Прыярытэтамі сваёй дзейнасьці ў арганізацыі ён назваў, між іншым, барацьбу з галечай у сьвеце, вырашэньне крызысаў, зьвязаных зь Іракам, Лібанам і Карэйскай паўвыспай.

Апрача таго, палітык выказаў сваё незадавальненьне фактам, што розныя краіны часта інструмэнтальна ўспрымалі Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў і беспадстаўна яе крытыкавалі.

Бан Кі Мун са сваім першым замежным візытам, які адбудзецца ўжо 28 студзеня, адправіцца ў Эфіёпію на саміт Афрыканскага Зьвязу. Мэтай згаданага падарожжа зьяўляецца, між іншым, мірнае вырашэньне канфлікту ў Дарфуры.

Паводле меркаваньня экспэртаў, новы генэральны сакратар ААН - гэта эфэктыўны дыплямат і перамоўца.

У ацэнцы Лукаша Кулесы з Польскага інстытуту міжнародных справаў, вельмі карысным зьяўляецца дыпляматычны досьвед новага кіраўніка арганізацыі.

„Яго лічаць эфэктыўным дыпляматам, эфэктыўным перамоўцам; чалавекам, які ўмее дамовіцца нават зь людзьмі, зь якімі, на самой справе, не згаджаецца. Таму можна спадзявацца, што ён будзе ў большай ступені адміністратарам і дыпляматам, чым – прынамсі на пачатку – візытнай карткай – сымбалем ААН.”

На думку экспэрта, факт, што новы кіраўнік выводзіцца з вонку асяродзьдзя ААН, дазволіць яму „сьвежым вокам” паглядзець на розныя праблемы й паўплываць на эфэктыўную перабудову арганізацыі.

„Нясумненна, рэформы патрабуе адміністрацыйная сетка й гэтак званая сыстэма прафэсійнай кар’еры ў ААН. Гаворка йдзе пра тое, што калі чалавек раз апынецца на пасадзе ў арганізацыі, то там і застанецца, нават калі ён некампэтэнтны ў дадзенай галіне. Я думаю, што чалавеку звонку лягчэй будзе парваць з рознага роду адмоўнымі традыцыямі ў арганізацыі.”

Тым ня менш, Лукаш Кулеса падкрэсьлівае, што новага генэральнага сакратара арганізацыі чакае шмат выклікаў.

„Самалі, Судан. Усё яшчэ ня вырашаны крызыс, зьвязаны з правядзеньнем ядзернай праграмы ў Паўночнай Карэі ці Іране. Магчыма, таксама праблемы, зьвязаныя з пашырэньнем місіі ААН у Лібане. Усё гэта канкрэтныя праблемы.”

Тым ня менш, у сувязі са сваім паходжаньнем, Бан Кі Мун не павінен асабіста ангажавацца ў вырашэньне праблем, зьвязаных з Паўночнай Карэяй, а пасрэдна кіраваць дзеяньнямі, накіраванымі супраць Пхэньяну.

„Некалькі дзясяткаў гадоў ён быў дыпляматам у Паўднёвай Карэі. Апошнім часам выконваў функцыю міністра замежных справаў згаданай краіны, таму напэўна ён не зьяўляецца перамоўцам, які быў бы самай пажаданай асобай пры вырашэньні згаданага канфлікту. Тым ня менш, ён можа быць дарадцам пры спробах разьвязаньня іншых канфліктаў і ўсясьветных праблем,” - лічыць экспэрт Польскага інстытуту міжнародных справаў Лукаш Кулеса.

Нагадаем, што Бан Кі Мун быў прызначаны наступнікам Кофі Анана на пасадзе генэральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў яшчэ ў кастрычніку. Ён зьяўляецца восьмым па чарзе генэральным сакратаром ААН.